У Беларусі аб’яўлены конкурс рэжысёрскіх канцэпцый гала-канцэртаў адкрыцця і закрыцця XХV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна». Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве культуры.
Гала-канцэрт адкрыцця фестывалю «Маладзечна-2026» пройдзе 12 чэрвеня 2026 года ў амфітэатры Маладзечна ў суправаджэнні заслужанага калектыву Беларусі «Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі імя М. Фінберга». А гала-канцэрт закрыцця фестывалю адбудзецца 13 чэрвеня. Іх працягласць складзе да 1,5 гадзіны. Прадугледжана правядзенне афіцыйнай часткі адкрыцця фестывалю і ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, у тым ліку выкананне нумара пераможцам названага конкурсу.
Агульны лейтматыў усіх мерапрыемстваў фестывалю — «Культурны код нацыі». Да ўдзелу ў адборы запрашаюцца рэжысёры-пастаноўшчыкі тэатральна-відовішчных арганізацый і арганізацый культуры, студэнты і навучэнцы ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, якія навучаюцца па спецыяльнасцях «Рэжысура тэатра», «Рэжысура святаў», «Мастацтва эстрады (рэжысура)» і роднасных спецыяльнасцях, а таксама іншыя асобы, якія маюць вопыт правядзення культурных мерапрыемстваў і зацікаўленыя ў падрыхтоўцы гала-канцэртаў адкрыцця і закрыцця фестывалю.
Пры распрацоўцы канцэпцый гала-канцэртаў варта прадугледзець у іх змесце прэзентацыю нацыянальнай культуры і літаратуры праз ідэю «Традыцыі ў трэндзе», адлюстраванне ў праграмах гала-канцэртаў юбілейнай тэматыкі фестывалю, тэмы Года беларускай жанчыны, 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, непарыўнай сувязі пакаленняў, юбілеяў беларускіх кампазітараў, паэтаў і пісьменнікаў, іншых важных падзей у грамадскім і культурным жыцці краіны. Таксама да ўдзелу ў праграме гала-канцэртаў варта прыцягнуць папулярныя творчыя калектывы і выканаўцаў, акцёраў, паэтаў, кампазітараў, прадстаўнікоў таленавітай моладзі, выкарыстоўваць новыя ідэі і арыгінальныя рашэнні.
Рэжысёрская канцэпцыя (сцэнарны план) павінна ўключаць у сябе галоўную ідэю (дэвіз, слоган) гала-канцэрта, апісанне канцэпцыі мерапрыемства (сюжэтнай лініі), яго эпізодаў, раздзелаў, блокаў, мастацкага афармлення сцэнічнай прасторы, пералік меркаванага складу творчых калектываў і выканаўцаў і, па магчымасці, іх рэпертуару, а таксама прадугледжваць выкарыстанне сучасных тэхналогій і спецэфектаў пры правядзенні мерапрыемства (з улікам прапанаванага месца яго правядзення і магчымасці выраба (набыцця, арэнды) неабходнага абсталявання і расходных матэрыялаў ва ўмовах Беларусі).
Рэжысёрскія канцэпцыі і эскізы мастацкага афармлення месца правядзення гала-канцэртаў адкрыцця і закрыцця фестывалю трэба не пазней за 18 лютага ў электронным выглядзе накіраваць на адрасы ministerstvo@kultura.gov.by або 146@kultura.gov.by.