Top.Mail.Ru

Мінлясгас: задача нумар адзін — падрыхтоўка глебы пад будучыя лесапасадкі

Разрабленне даступных бураломных участкаў завершана. Але працягваюцца работы па ачыстцы лесасек і падрыхтоўцы глебы пад будучыя лесапасадкі, паведамляе прэс-служба Мінлясгаса.


— Задача стаіць вясной забяспечыць выкананне ўсяго задання па лесааднаўленні на бураломных участках, — звярнуў увагу на нарадзе з корпусам галоўных ляснічых ДВЛГА і кіраўнікамі найбольш пацярпелых у выніку ліпеньскага ўрагану лясгасаў першы намеснік міністра Аляксандр Драгун. — Для гэтага мы павінны вызначыцца са штосутачнымі аб’ёмамі ачысткі лесасек і падрыхтоўкі глебы.

Па стане на 3 сакавіка на бураломных участках трэба было яшчэ апрацаваць глебы пад стварэнне лясных культур на плошчы звыш дзвюх тысяч гектараў, у тым ліку з ужываннем высейвальных прылад — амаль на 500 гектараў.

Да 20 сакавіка апрацоўка глебы пад стварэнне культур павінна быць завершана — такую задачу паставілі ў Мінлясгасе.

Аляксандр Драгун заклікаў кіраўнікоў на месцах працаваць без прамаруджвання: кліматычныя ўмовы дазваляюць ледзь не з заўтрашняга дня распачаць сяўбу. У першачарговым парадку павінны быць падрыхтаваны ўчасткі менавіта пад пасадку лесу. Пры гэтым у найбольш пацярпелай Гомельскай вобласці на лесааднаўленні будуць занятыя і лясгасы з іншых абласцей.

За гэты тыдзень лясгасам трэба будзе падабраць участкі для нарыхтоўкі дзічак дуба. У першую чаргу на квартальных прасеках.
Першы намеснік міністра звярнуў увагу і на неабходнасць вывазкі драўніны, якая захоўваецца на бураломных участках. Усё да соткі павінна быць адноўлена.

— Не варта забываць і пра супрацьпажарныя парывы — на вялікіх плошчах іх трэба праектаваць, — паставіў задачу першы намеснік міністра.
Абмяркоўваючы тэму аднаўлення бураломных участкаў, Аляксандр Драгун акцэнтаваў асаблівую ўвагу на ўмовах працы камандзіраваных работнікаў.

— Тое, што з’ехалі харвестары і форвардары, не значыць, што людзям трэба ўдзяляць менш увагі. Вялікая колькасць работнікаў застаецца ў камандзіроўках. Кожны павінен быць апрануты, абуты, накормлены і забяспечаны належнымі ўмовамі пражывання, — звярнуўся да кіраўнікоў 
першы намеснік міністра.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю