Міністр прамысловасці Беларусі Андрэй Кузняцоў пабываў з рабочай паездкай у Гродзенскай вобласці, дзе наведаў шэраг прадпрыемстваў галіны. Разам з профільным міністрам удзел у наведванні прадпрыемстваў прыняў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў.
Так, на «Кіруючай кампаніі холдынга «Лідсельмаш», якая з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам сельгастэхнікі, зернесушыльных комплексаў і стальных панэльных радыятараў, была праінспектавана праца асноўных вытворчых цэхаў і ўчасткаў. Асаблівая ўвага — абмеркаванню шэрагу праблемных пытанняў у дзейнасці арганізацыі. Па выніках пастаўлены задачы і дадзены канкрэтныя даручэнні па далейшай мадэрнізацыі вытворчасці і ўдасканаленні работы арганізацый, якія ўваходзяць у холдынг.
На пляцоўцы ААТ «Ваўкавыскі машынабудаўнічы завод» профільны міністр і губернатар вобласці ацанілі перспектывы і магчымасці прадпрыемства па павышэнні эфектыўнасці работы.
Дарэчы, завод спецыялізуецца на выпуску будаўнічага і сельскагаспадарчага абсталявання, іншых відаў вырабаў.
Удзельнікі наведвання абмеркавалі вялікі спектр пытанняў, у тым ліку павышэння эфектыўнасці вытворчай і камерцыйнай дзейнасці, абнаўлення вытворчага абсталявання, пашырэння кліенцкай базы.
У ААТ «ВолМет» (прадпрыемстве холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ») у ліку тэм, якія абмяркоўваліся, — стратэгічныя кірункі развіцця, уключаючы ўкараненне сучасных тэхналогій для павышэння вытворчай эфектыўнасці.
Ацэнка бягучага стану прадпрыемства, вывучэнне перспектыў далейшага развіцця сталі галоўнымі мэтамі наведвання ААТ «Белкард» (холдынг «БАТЭ»). Завод вырабляе карданныя валы і перадачы, амартызатары (амаль 1,3 тысячы відаў вырабаў) і пастаўляе іх на зборачныя канвееры аўтамабільных заводаў.
Андрэй Кузняцоў звярнуў увагу на ўдасканаленне якасці вытворчых працэсаў, укараненне новых тэхналогій.
— Наведванне прадпрыемстваў сістэмы Мінпрама ў Гродзенскай вобласці пацвердзіла іх важную ролю ў развіцці мясцовай прамысловасці і эканомікі краіны ў цэлым. Мы бачым унёсак гэтых прадпрыемстваў у стварэнне працоўных месцаў, павышэнне прадукцыйнасці і развіццё тэхналогій, — адзначыў профільны міністр.
Аднак для дасягнення новага ўзроўню росту і ўмацавання пазіцый на рынку, на яго думку, неабходна працягваць інвеставаць у мадэрнізацыю вытворчасці, укараненне сучасных тэхналогій і развіццё кадравага патэнцыялу.
— Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам забяспечыць далейшы прагрэс прадпрыемстваў Мінпрама і ўмацаваць іх ролю ў прамысловым сектары краіны, — рэзюмаваў Андрэй Кузняцоў.