Top.Mail.Ru

Мінпрацы нагадала аб правах цяжарных на рабоце

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны растлумачылі, якія гарантыі і льготы належаць жанчынам у гэты перыяд і якія дзеянні наймальніка забаронены законам.


Цяжарных супрацоўніц нельга прыцягваць да звышурочных работ, работы ў святочныя і выхадныя дні, у начны час, а таксама накіроўваць у службовыя камандзіроўкі. Забаронена зніжаць заработную плату па матывах, звязаных з цяжарнасцю. Акрамя таго, працоўны дагавор па ініцыятыве наймальніка не можа быць разарваны ў сувязі са скарачэннем штату, неадпаведнасцю займанай пасадзе з-за стану здароўя або недастатковай кваліфікацыі, а таксама пры няяўцы на работу больш за чатыры месяцы запар з-за часовай непрацаздольнасці, не лічачы водпуску па цяжарнасці і родах.

Па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай або медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі цяжарную жанчыну могуць перавесці на больш лёгкую работу, якая выключае ўздзеянне шкодных або небяспечных фактараў. Пры гэтым за ёй захоўваецца сярэдні заробак па ранейшай рабоце. Таксама могуць быць зніжаны нормы выпрацоўкі і абслугоўвання.

Водпуск па цяжарнасці і родах прадастаўляецца на падставе ліста часовай непрацаздольнасці. Яго працягласць складае 126 каляндарных дзён. Пры ўскладненых родах або нараджэнні двух і больш дзяцей ён павялічваецца да 140 дзён. А для жанчын, якія пражываюць і працуюць на тэрыторыях радыяцыйнага забруджвання, водпуск доўжыцца 146 дзён, у выпадках ускладненых родаў, нараджэння двух і больш дзяцей — 160 дзён.

Наймальнік абавязаны прадаставіць цяжарнай жанчыне працоўны водпуск перад водпускам па цяжарнасці і родах або пасля яго, калі ён не быў выкарыстаны цалкам. Таксама па пісьмовай заяве пасля заканчэння водпуску па цяжарнасці і родах жанчыне прадастаўляецца водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў. Такі водпуск можна выкарыстоўваць цалкам або па частках любой працягласці.

Ягор ЧУРЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю