Дыстанцыйны фармат работы не ўплывае на парадак вылічэння працоўнага стажу і налічэння пенсіі, але мае свае нюансы ў пытаннях траўматызму і забеспячэння тэхнікай. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны растлумачылі, як рэгулюецца работа «дыстанцыйшчыкаў» у Беларусі.
Дыстанцыйны супрацоўнік сам вызначае месца работы — гэта можа быць дом, кафэ, парк ці іншае зручнае месца. Пры гэтым наймальнік не абавязаны абсталёўваць працоўнае месца для такога работніка.
Графік работы і час перапынкаў для адпачынку і харчавання ўзгадняюцца з наймальнікам і прапісваюцца ў працоўным дагаворы. Што датычыцца няшчасных выпадкаў і траўмаў, атрыманых падчас работы з дому, — у Беларусі з 2024 года прадугледжана магчымасць іх расследавання, але не кожны выпадак траўмы прызнаецца вытворчым. Расследаванне праводзіцца на падставе заявы ад работніка або яго сваякоў. Вытворчым лічыцца выпадак, калі ён адбыўся падчас выканання працоўных абавязкаў або работы па заданні наймальніка з выкарыстаннем выдадзенага абсталявання. Калі работнік адмаўляецца дапусціць камісію для агляду месца здарэння, выпадак афармляецца як службовае расследаванне і вытворчым не лічыцца.
Забеспячэнне дыстанцыйнага работніка тэхнікай рэгулюецца працоўным дагаворам. Калі наймальнік не дае абсталявання і гэты абавязак не прапісаны ў дагаворы, супрацоўнік можа выкарыстоўваць уласнае або арандаванае. У такім выпадку яму належыць кампенсацыя, але толькі калі яна прадугледжана дагаворам.
Ягор ЧУРЫК