Top.Mail.Ru
257

Мінпрыроды і прафсаюз дамовіліся аб дадатковых гарантыях для работнікаў

У дзейнае Тарыфнае пагадненне ўнесена больш за 10 навацый. У большасці выпадкаў дапаўненні датычацца камерцыйных арганізацый галіны.


Так, сярод важных змяненняў дакумента, напрыклад, дадатковая матэрыяльная падтрымка работнікаў, якія заключылі кантракт на максімальны тэрмін. Прадугледжаны і аднаразовыя выплаты для работнікаў запатрабаваных прафесій, якія прынялі рашэнне прадоўжыць працоўныя адносіны. Такія ж бонусы чакаюць і маладых спецыялістаў — пры прадаўжэнні працы ў арганізацыі пасля абавязковай адпрацоўкі дакументам рэкамендуецца ажыццяўляць аднаразовыя выплаты. Іх памер залежыць ад тэрміна заключэння (падаўжэння) кантракта.

Дарэчы, гэта не ўсе новыя палажэнні, якія закранаюць маладых людзей. Бакі прыйшлі да пагаднення аб павышэнні для такой катэгорыі работнікаў тарыфнай стаўкі (акладу) не менш як на 30 %. Прадугледжана і адрасная падтрымка маладых людзей, якія ўпершыню прыняты на працу пасля заканчэння навучальнай установы. Акрамя таго, з мэтай сацыяльнай абароны навучэнцаў-«мэтавікоў», маладых спецыялістаў прапануецца прадугледжваць не толькі штомесячныя даплаты, але і аказваць садзейнічанне ў вырашэнні жыллёвых пытанняў для тых, хто накіраваны на работу не па месцы жыхарства.

— У сувязі з прыняццем новага Генеральнага пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскімі аб’яднаннямі прафсаюзаў і наймальнікаў была ініцыіравана работа па ўнясенню змяненняў у дзеючае Тарыфнае пагадненне, — расказаў Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк. — Была праведзена дастаткова сур’ёзная работа. Мы знайшлі кропкі судакранання. Цяперашні дакумент адлюстроўвае ўзгодненыя пазіцыі, абавязацельствы бакоў у частцы пытанняў эканамічнай палітыкі, даходаў, заработнай платы, умоў працы і многае іншае.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і галіновы прафсаюз будуць на пастаяннай аснове ажыццяўляць кантроль за ходам выканання дасягнутых дамоўленасцей і ўзятых на сябе абавязацельстваў.

Але самым галоўным кантралёрам, як падкрэсліў Сяргей Масляк, у выкананні гэтых абавязацельстваў з’яўляюцца самі работнікі. Чым лепшая атмасфера ў калектыве, чым лепшыя ўмовы працы, тым больш станоўчы эфект можна чакаць ад падпісаных пагадненняў, якія па-за ўсякімі сумневамі будуць рэалізоўвацца.

У сваю чаргу старшыня галіновага прафсаюза Юрый Шумскі адзначыў: дасягнутыя дамоўленасці ўжо да 1 кастрычніка бягучага года знойдуць адлюстраванне ў калектыўных дагаворах арганізацый.

— З сацыяльнымі партнёрамі мы імкнуліся ўлічыць інтарэсы ўсіх катэгорый работнікаў. Унясенне дапаўненняў у пагадненне такога ўзроўню — гэта не фармальнасць, гэта важны крок у забеспячэнні эфектыўнай работы арганізацый сферы і павышэнні дабрабыту людзей. Кожная з навацый прадыктавана часам. Сёння важна не толькі не дапусціць зніжэння той планкі, якую мы ўжо ўзялі, але важна, каб людзі адчувалі прадметную падтрымку. Усё накіравана на тое, каб палепшыць магчымасці прадпрыемстваў і іх работнікаў. Апроч заработнай платы. Неабходна зацікаўліваць людзей заставацца на сваім працоўным месцы, паляпшаць іх побыт і ўмовы працы. Новаўвядзенні, якія тут ёсць — гэта прапановы работнікаў, наймальнікаў. Гэта мы адлюстравалі ў Тарыфнай дамове. Разам з тым, любы калектыў можа ў залежнасці ад сваіх магчымасцяў і спецыфікі паляпшаць гэтыя нормы, павялічваць выплаты, пашыраць гарантыі, — адзначыў Юрый Шумскі.

Вяртаючыся да навацый Тарыфнага пагаднення, дакументам таксама ўзмоцнены пазіцыі, якія датычацца занятасці. Напрыклад, прадастаўляюцца дадатковыя гарантыі работнікам-бацькам непаўналетніх дзяцей. У першую чаргу такія гарантыі распаўсюджваюцца на працуючых жанчын, чый муж прызваны на тэрміновую ваенную службу. Таксама работнікам, якія выхоўваюць двух і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, прадастаўляецца дадатковы адзін выхадны дзень за месяц з аплатай сярэдняга заработку.

Ёсць і нормы, накіраваныя на падтрымку працуючых пенсіянераў: рэкамендуецца ўстанаўліваць ім аднаразовыя выплаты пры заключэнні кантракта і не дапускаць зніжэння памераў аплаты працы, устаноўленых на займаных пасадах, пасля дасягнення імі пенсіённага ўзросту.

Неабходна адзначыць, падпісанае з Мінпрыроды пагадненне стала чацвёртым для галіновага прафсаюза. Раней пагадненні такога ўзроўню былі падпісаны з Мінлясгасам, канцэрнам «Беллеспаперапрам» і Дзяржаўным камітэтам па маёмасці.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю