Вызначаны 20 лепшых супрацоўнікаў прыродаахоўнай галіны. Урачыстая цырымонія адкрыцця абноўленай Дошкі гонару адбылася ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Узнагароды атрымалі работнікі міністэрства, камітэтаў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Белгідрамета, Рэспубліканскага цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і іншых ведамстваў сістэмы.
Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк шчыра падзякаваў спецыялістаў за працу і высокія дасягненні ў прыродаахоўнай справе.
— Часта вы робіце больш, чым магчыма, спраўляецеся з любымі выклікамі. Вынік вашай працы даказвае, што для прыродаахоўнай сістэмы няма невырашальных задач. Асабіста для мяне быць занесеным на Дошку гонару — гэта форма грамадскага прызнання і маральнага заахвочвання за значны ўклад у развіццё прыродаахоўнай галіны. Сёння вамі ганарыцца ўся краіна! — адзначыў у прывітальнай прадмове Сяргей Масляк.
У мінулым годзе Дошку гонару вынеслі з будынка Мінпрыроды, абнавілі і зрабілі цэнтрам прыцягнення ўвагі для спецыялістаў галіны. Энергія, за кошт якой асвятляецца ў вячэрні час Дошка, паступае ад сонечных панэляў, размешчаных на апоры асвятлення. Як падкрэсліў кіраўніка прыродаахоўнага ведамства, «мы сёння за экалагічны падыход да любой справы».
Як адзначыў Сяргей Масляк, многія з тых, хто занесены на Дошку гонару, трапілі на яе ўпершыню:
— Гэта без выключэння годныя людзі. Іх прафесіі — ад машыніста свідравой да намесніка старшыні тэрытарыяльнага органа нашага камітэта. Размаўляючы сёння з імі, я разумею, што любыя задачы, якія стаяць зараз перад ведамствам, перад краінай, менавіта дзякуючы такім людзям будуць адназначна рэалізаваны.
— Для мяне гэта вельмі хвалюючы дзень. Наша ўстанова праводзіць павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў прыродаахоўнай галіны. Штогод мы навучаем больш за 2 тыс. слухачоў. У якасці педагагічных работнікаў запрашаем спецыялістаў Цэнтральнага апарата сістэмы Мінпрыроды, падведамных устаноў, — падзялілася ўражаннямі адна з узнагароджаных, начальнік аддзела па вучэбнай і навуковай рабоце Вучэбнага цэнтра Мінпрыроды Алена Паплаўская. — У тым, што мяне абралі для занясення на Дошку гонару, безумоўна, заслуга ўсяго калектыву цэнтра.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА