Top.Mail.Ru

Мінсельгасхарч прымае меры для бесперабойнага забеспячэння бульбай у міжсезонне

Попыт ёсць, бульба будзе

Днямі ў профільным міністэрстве пад старшынствам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава прайшла нарада па пытаннях забеспячэння ўнутранага рынку бульбай і агародніннай прадукцыяй у бягучым міжсезонным перыядзе. 

У разглядзе актуальнай тэмы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, кіраўнікі гандлёвых сетак, а таксама камітэты па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама.

Ні для каго не сакрэт, што апошнім часам у гандлёвых сетках неадназначная сітуацыя з наяўнасцю на паліцах базавай гародніны кожнага беларуса — бульбы: не заўсёды яна ёсць, а калі і ёсць, то таварны выгляд выклікае пытанні ў пакупнікоў, а цэннікі часам б’юць рэкорды.

Паводле звестак МАРГ, патрэба гандлёвых сетак у бульбе складае 2,1 тысячы тон.

Як паведамілі ў прэс-службе Мінсельгасхарча, на нарадзе былі разгледжаны наяўныя рэсурсы па абласцях і прапановы па нарошчванні аб’ёмаў прадукцыі на паліцы магазінаў.

Тут запэўнілі, што асноўнымі крыніцамі паступлення бульбы на ўнутраны рынак стануць рэшткі стабфондаў, а таксама лішкі насеннай бульбы неабходнай харчовай каліброўкі.

Абласцямі пацверджана гатоўнасць адгрузіць 2,4 тысячы тон бульбы для задавальнення попыту насельніцтва. Для аператыўнага вырашэння пытанняў арганізавана ўзаемадзеянне гандлёвых сетак з рэгіёнамі.

Дарэчы, летась у сельскагаспадарчых арганізацыях і фермерскіх гаспадарках было вырашчана 758,3 тысячы тон бульбы, з якіх 48 тысяч тон былі закладзены ў стабілізацыйныя фонды, што складае 100 % ад патрэбы гандлю, разлічанай МАРГ. У гандлёвыя сеткі ў міжсезонны перыяд сёлета сельгасарганізацыямі краіны ўжо пастаўлена 78,3 тысячы тон бульбы, што складае 153 % ад заяўленай патрэбы. На сёння рэшткі стабфондаў па бульбе ў рэспубліцы складаюць 5,9 тысячы тон.

Улічваючы рост запатрабаванасці бульбы, аблвыканкамамі прынята рашэнне павялічыць плошчы яе пасадкі пад ураджай 2025 года на 3 тысячы гектараў з 16,8 тысячы да 19,7 тысячы гектараў.

Юрый Горлаў падкрэсліў важнасць суладнай працы ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак:

— Для ўсіх — ад вытворцы да спажыўца — будзе выпрацавана дакладная дарожная карта. Паліцы магазінаў павінны быць запоўнены прадукцыяй у аб’ёме, дастатковым для поўнага задавальнення спажывецкага попыту.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю