Top.Mail.Ru
378

Мінсельгасхарч расказаў аб стратэгіі развіцця малочнай галіны да 2035 года

Падчас пленарнага пасяджэння XІ Міжнароднага форуму «Беларусь малочная» намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Марыя КЛІМАВА адзначыла, што калі летась адзначалася стагнацыя з боку асноўных сусветных вытворцаў малочнай прадукцыі, то сёлета яны паказалі прырост, што паўплывала на цэны. Яны сталі зніжацца.


Па словах спецыяліста, на сусветным рынку нарастае канкурэнцыя, у тым ліку з боку вытворцаў з Індыі (яе ўдзельная вага ў сусветнай вытворчасці малака перавышае 22 %, а па сметанковым масле займае амаль адну трэць).

Адзін з асноўных кірункаў далейшай работы малочнай галіны — павышэнне якасных характарыстык малака. У цэлым чакаецца, што яго вытворчасць павялічыцца да 2035 года да 12 млн тон (у 2024 годзе складала 8,8 млн тон). Узрастуць і магутнасці перапрацоўкі, а таксама іх загрузка.

Плануецца арганізацыя вытворчасці новых сухіх малочных прадуктаў і кампанентаў з пераходам да глыбокай перапрацоўкі, мадэрнізацыя вытворчасцяў, павелічэнне экспарту. Будуць рэалізаваны інвестыцыйныя праекты, у тым ліку па будаўніцтве інавацыйнага цэха па вытворчасці сухога дзіцячага харчавання па стандартах GMP на Ваўкавыскім ААТ «Беллакт». Да драйвераў росту спецыяліст аднесла спартыўнае, клінічнае харчаванне, дыетычныя дабаўкі і інш. «Галоўны пасыл — павелічэнне выпуску маржынальнай і запатрабаванай прадукцыі, спецыялізаванай, функцыянальнай, фасаванай ва ўпакоўку», — расказала Марыя Клімава.

Яна таксама адзначыла, што захоўваецца станоўчая дынаміка вытворчасці па асноўнай наменклатуры малочнай прадукцыі. За студзень — верасень тэмп росту вытворчасці сыроў склаў 108,3 %, цэльнамалочнай прадукцыі — 110,2 %, масла сметанковага — 100,3 %, кансерваў згушчаных — 121 %, марожанага — 100,6 %, сухога цэльнага малака — 131,4 %, сухой сыроваткі — 109,2 %.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю