24 снежня ў беларускай сталіцы адбылося пасяджэнне рабочай групы па каардынацыі ўзаемадзеяння горада Масквы і Беларусі. На ёй старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў разам з міністрам Урада Масквы, кіраўніком Дэпартамента знешнеэканамічных і міжнародных сувязяў горада Масквы Сяргеем Чароміным абмеркавалі шэраг важных пытанняў, сярод якіх — лічбавізацыя, экалогія, ЖКГ і інш.
«Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што ў тавараабароце паміж Масквой і Мінскам ёсць вельмі станоўчая дынаміка, — заявіў старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. — Тэмп росту склаў больш як 116 працэнтаў, і мы бачым шмат новых дамоўленасцяў па ўзаемным супрацоўніцтве. Нават у рамках пасяджэння рабочай групы былі выяўлены напрамкі, якім раней надавалася менш увагі. Напрыклад, лічбавізацыя. Мы дамовіліся зрабіць гэты кірунак прыярытэтным, і ў бліжэйшы час будуць распрацаваны дакументы, якія дазволяць аператыўна вырашыць пытанні, напрыклад, з аплатай тавараў грамадзянамі нашых краін пры наведванні гарадоў. Фінансаванне гэтых праектаў ужо вырашана».
Асаблівая ўвага будзе нададзена пытанням экалогіі. «Нашы гарады патрабуюць сур’ёзнай увагі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Важна стварыць бяспечныя ўмовы для жыхароў пры вялікай колькасці машын, прадпрыемстваў і насельніцтва. Ужо сёння ёсць добрыя напрацоўкі, і мы падпісалі пагадненні па гэтым напрамку», — адзначыў мэр Мінска.
Таксама абмяркоўваліся перспектывы інфарматызацыі ў такіх сферах, як адукацыя, ахова здароўя і ЖКГ. «На сустрэчы з мэрам Масквы Сяргеем Сабяніным мы абмеркавалі праекты ў галіне інфарматызацыі. Гэта дазволіць палепшыць якасць жыцця, укараняючы сучасныя тэхналогіі ў паўсядзённае жыццё, а таксама вырашаць пытанні кібербяспекі», — дадаў Уладзімір Кухараў.
Супрацоўніцтва ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі стане яшчэ адным важным напрамкам. «Інфарматызацыя ў ЖКГ дазволіць жыхарам крочыць у нагу з часам, забяспечваючы зручнасць і камфорт у іх жыцці», — падагульніў кіраўнік горада.
У сваю чаргу, міністр Урада Масквы, кіраўнік Дэпартамента знешнеэканамічных і міжнародных сувязяў горада Масквы Сяргей Чаромін заявіў, што дні Масквы ў Мінску сталі важнай платформай для ўмацавання стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Расіяй: «Дні Масквы з’яўляюцца адным з найважнейшых элементаў умацавання нашых традыцыйных дружалюбных і стратэгічных адносін. Мы — Саюзная дзяржава, і выкарыстоўваем усе магчымыя інструменты для развіцця кааперацыйных сувязяў паміж нашымі прадпрыемствамі і арганізацыямі».
Сяргей Чаромін адзначыў, што знешнегандлёвы абарот паміж краінамі дэманструе станоўчую дынаміку: «У мінулым годзе Беларусь выйшла на чацвёртае месца па аб’ёмах знешняга гандлю з Масквой. Абарот склаў больш як 20 мільярдаў долараў. У гэтым годзе мы таксама назіраем станоўчую тэндэнцыю».
Асаблівая ўвага на пасяджэнні рабочай групы была ўдзелена ўзаемадзеянню ў такіх галінах, як аўтамабілебудаванне, пастаўкі беларускай тэхнікі для патрэб жыллёва-камунальнага комплексу Масквы і дарожнай тэхнікі. «Пасяджэнне нашай рабочай групы — гэта найважнейшы інструмент для паглыблення кааперацыйных сувязяў паміж Мінскам і Масквой», — падкрэсліў Сяргей Чаромін.
Фота Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта