Top.Mail.Ru

Мінск і Мінская вобласць умацоўваюць эканамічнае лідарства ў краіне

Цэнтральны рэгіён і сталіца на першых пазіцыях фактычна па ўсіх паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця ўжо не першы год. Мінулы 2024-ы не стаў выключэннем: Мінск і Мінская вобласць, як стала вядома падчас падвядзення вынікаў, сваё лідарства саступаць не збіраюцца.


Мінск: больш за 24 тысячы новых працоўных месцаў і амаль мільярд долараў знешніх інвестыцый

Па выніках 2024 года Мінскам былі выкананы ўсе мэтавыя паказчыкі, устаноўленыя пастановай Савета Міністраў. Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў адзначыў: «Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што мы справіліся з пастаўленымі задачамі». Мэр Мінска падкрэсліў, што па выніках года ў поўным аб’ёме было забяспечана выкананне бюджэту: «Гэта дазволіла вырашыць усе сацыяльна-эканамічныя пытанні, якія стаялі. Бюджэт Мінска — сацыяльны. Больш за 55 % накіроўваецца на сацыяльную сферу.

Па інфармацыі першага намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама Надзеі Лазарэвіч, у сталіцы добрая дынаміка па экспарце паслуг, тавараў. Валавы рэгіянальны прадукт Мінска за 2024 год быў забяспечаны ў аб’ёме 76,9 мільярда рублёў з тэмпам росту 105,5 %, што перавышае ўстаноўленае заданне. Сталіца фарміруе трэць валавога ўнутранага прадукту краіны (31,2 %). Па горадзе забяспечаны найбольшы тэмп росту і ўклад у ВУП сярод рэгіёнаў краіны.

Па выніках года ў Мінску было створана больш за 7,5 тысячы новых суб’ектаў гаспадарання, звыш 24 тысяч новых працоўных месцаў. «Гэта сведчыць аб тым, што бізнес давярае сталіцы, бачыць магчымасці развіцця сваіх перспектыўных кірункаў менавіта ў нашым горадзе. У сталіцы створаны ўсе ўмовы для таго, каб прадстаўнікі бізнесу маглі камфортна працаваць і развівацца», — дадала Надзея Лазарэвіч.

Акрамя таго, горадам быў выкананы і паказчык па росце заработнай платы. Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў сталічных арганізацый павялічылася на 18,4 %, забяспечыўшы самы высокі ўзровень сярод рэгіёнаў краіны (3060,1 рубля). Рэальная заработная плата вырасла на 12 %. У беларускай сталіцы прасочваецца добрая дынаміка па прыцягненні знешніх інвестыцый.

Так, у эканоміку сталіцы паступіла 950,7 мільёна долараў прамых інвестыцый на чыстай аснове, што на 118,5 мільёна долараў больш, чым у 2023 годзе. На долю Мінска прыпадае больш чым палова замежных інвестыцый, якія паступілі ў краіну. Арганізацыямі сталіцы асвоены 9,7 мільярда рублёў інвестыцый у асноўны капітал з тэмпам росту 118,6 %. Палова сродкаў накіроўваецца на мадэрнізацыю вытворчасцяў, закупку машын і абсталявання: 4,9 мільярда рублёў з тэмпам росту 127,4 %.

Арганізацыі Мінска летась экспартавалі тавары і паслугі ў 213 краін свету. Асноўныя экспартаваныя паслугі — камп’ютарныя, тэлекамунікацыйныя, інфармацыйныя і транспартныя.


Даслоўна

Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля Качанава: «Прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця сталіцы выкананы паспяхова, але разам з тым мы не павінны самазаспакойвацца. Вядома, тэмпы досыць высокія, і таму трэба сёння ўжо вельмі актыўна працаваць па перспектывах далейшага развіцця нашых прадпрыемстваў, засяродзіцца на пытаннях, якія з’яўляюцца праблемнымі. Пры прызначэнні новых кіраўнікоў эканамічнага блока Прэзідэнт яшчэ раз акцэнтаваў увагу на інвестыцыях. Будуць інвестыцыі — будзе развівацца эканоміка. Інвестыцыйныя праекты павінны рэалізоўвацца і як мага больш прыцягваць ахвотных іх рэалізаваць у горадзе Мінску... Таксама актуальнае пытанне — доля айчынных тавараў у нашых крамах. Яны павінны ў найшырэйшым асартыменце быць прадстаўлены на паліцах нашых магазінаў. Акрамя таго, яны павінны быць на самых бачных месцах. Я бываю ў крамах і бачу, што гэта не заўсёды так, на гэта трэба звярнуць асаблівую ўвагу. Нашы прадпрыемствы і прадукцыя павінны быць запатрабаваныя на нашых рынках. Нам трэба вельмі актыўна працаваць з усімі краінамі свету. Зусім нядаўна мы былі ў Азербайджане — там наша прадукцыя нарасхват. Акрамя таго, нам трэба туды пастаўляць і нашы прамысловыя тавары. Трэба актыўна працаваць на гэтых рынках. Мы яшчэ далёка недапрацавалі так, як можам працаваць у гэтым кірунку».


Мінская вобласць: самы важкі каравай і жыццё без датацый

Сярод лідараў — і сталічны рэгіён. Міншчына выканала ўсе мэтавыя паказчыкі па выніках 2024 года.Летась вобласць сфарміравала практычна пятую частку валавога ўнутранага прадукту краіны. У параўнанні з 2023-м валавы рэгіянальны прадукт падрос на 5,3 %. Вышэй за сярэднерэспубліканскія паказчыкі склаліся індэксы валавога рэгіянальнага прадукту, прамысловай вытворчасці, прадукцыі сельскай гаспадаркі, інвестыцый у асноўны капітал, уводу ў эксплуатацыю жылля, намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы, рэальнай заработнай платы, груза- і пасажыраабароту, экспарту паслуг.

«Мы выканалі ўсе даведзеныя паказчыкі, эканоміка спрацавала нядрэнна. Тым не менш наша задача — паглядзець, дзе мы недастаткова зарабляем і як гэта выправіць», — адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.

Драйверы росту эканомікі вобласці — гэта прамысловасць, сельская гаспадарка і ў апошнія гады будаўніцтва.

У рэгіёне працуе больш за чатыры тысячы прамысловых прадпрыемстваў. У Мінскай вобласці самы вялікі аб’ём інвестыцый у асноўны капітал — чацвёртая частка аб’ёму краіны. Ён павялічыўся ў параўнанні з 2023 годам на 8,8 %.

Развіццю рэгіёнаў дапамагае і праграма «Адзін раён — адзін праект». У кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы ствараюцца сучасныя вытворчасці. У Мінскай вобласці ў такі пералік уключана 48 праектаў агульным коштам амаль два мільярды рублёў. У будучыні гэта больш чым дзве тысячы працоўных месцаў, сучасныя ўмовы працы і якасная прадукцыя. Летась рэалізавалі 14 такіх інвестыцыйных праектаў. У прыярытэце развіццё буйных гарадоў і раёнаў з колькасцю насельніцтва звыш 80 тысяч чалавек. Гэта Барысаў, Маладзечна і Салігорск. На іх тэрыторыі рэалізавалі сем інвестыцыйных праектаў на суму больш чым 430 мільёнаў рублёў.

Аграрыямі Мінскай вобласці вырабляецца больш за чвэрць сельскагаспадарчай прадукцыі краіны — 26,4 % за 2024 год. Больш як 2,2 мільёна тон малака далі каровы цэнтральнага рэгіёна. Сярэдні надой павялічыўся на 270 кілаграмаў і склаў амаль 6850 кілаграмаў. Самы важкі хлебны каравай — таксама ў Міншчыны — 2,2 мільёна тон. Павялічылася на 30 % вытворчасць рапсу, ільновалакна — на 40,5 %.

У рэгіёне працуюць 63 320 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, з іх — 18 349 малых прадпрыемстваў, 44 576 індывідуальных прадпрымальнікаў і 395 сярэдніх прадпрыемстваў.

Сярэднямесячная заработная плата за мінулы год склала 2294,5 рубля. Рост у параўнанні з 2023 годам — на 20,2 %. Рэальная заработная плата па вобласці павялічылася да ўзроўню 2023 года на 13,7 %. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя складае 0,03 %.

Аляксандр Турчын адзначыў, што Міншчына — бездатацыйная вобласць: «Чым больш эфектыўна працуе эканоміка, тым больш эфектыўна напаўняецца бюджэт».

Загаловак у газеце: Вынікі добрыя, але расці ёсць куды

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю