Святкаванне Дня Незалежнасці традыцыйна пройдзе ў краіне ярка і маштабна. Толькі ў сталіцы з 2 да 5 ліпеня пройдзе больш за сто мерапрыемстваў, разлічаных на людзей розных узростаў. Жыхароў і гасцей Мінска чакаюць патрыятычныя і дабрачынныя акцыі, ваенна-тэматычныя пляцоўкі, канцэртныя праграмы, выстаўкі, конкурсы, творчыя і медыяпраекты, аўта- і велапрабегі і шмат чаго іншага.
Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Святлана СІЛІЧ, галоўная ідэя сёлетняй канцэпцыі святкавання — захаванне гістарычнай памяці праз пераемнасць пакаленняў.
2 ліпеня ў Палацы Рэспублікі адбудзецца ўрачысты сход і канцэрт майстроў мастацтваў, падчас якога кожная вобласць краіны прадставіць творчы нумар, прысвечаны асаблівасцям свайго рэгіёна.
- Кульмінацыяй святкавання стане вячэрняя праграма 3 ліпеня каля абеліска «Мінск — горад-герой». З 21.00 да 00.10 тут пройдзе гала-канцэрт з удзелам вядучых беларускіх выканаўцаў і творчых калектываў. У 23.00 адбудзецца традыцыйная патрыятычная акцыя «Праспяваем гімн разам!», пасля якой у сямі пунктах Мінска прагрыміць святочны салют. Яго можна будзе пабачыць у парках Перамогі, імя Янкі Купалы, Міхаіла Паўлава, Уга Чавеса, на набярэжнай у мікрараёне Дразды, на пляцоўках каля «Чыжоўка-Арэны» і Нацыянальнай бібліятэкі.
Асобнае месца ў праграме займаюць памятныя мерапрыемствы. 3 ліпеня адбудзецца ўскладанне вянкоў і кветак да абеліска на плошчы Перамогі і ў Мемарыяльным комплексе «Курган Славы».
Святочныя пляцоўкі будуць працаваць у розных лакацыях горада. Каля Палаца спорту 3 ліпеня з 12.00 да 21.00 пройдзе гала-канцэрт «Разам за Беларусь», а 4 ліпеня тут працягнецца канцэртная праграма з удзелам заслужаных і народных артыстаў Беларусі, маладых выканаўцаў, дзіцячых і маладзёжных калектываў.
У Верхнім горадзе 3 ліпеня стартуе музычны праект «Мелодыі роднай зямлі» ў суправаджэнні Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.
Святочныя мерапрыемствы працягнуцца і 4–5 ліпеня. Жыхароў і гасцей сталіцы чакаюць экскурсіі, тэматычныя праграмы ў Лошыцкай сядзібе, джазавы вечар каля гарадской ратушы з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Я. Фінберга і іншыя праекты.
Начальнік 2-га аддзела ўпраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Аляксандр КІСЕЛЬ адзначыў, што ваеннае ведамства традыцыйна выступае адным з галоўных арганізатараў святкавання. Ва ўсіх рэгіёнах краіны асабовы склад Узброеных Сіл падрыхтаваў шырокую святочную праграму.
Асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць ваенна-тэматычным пляцоўкам. 3 ліпеня ў Мінску будуць працаваць лакацыі ў парках Перамогі, імя Максіма Горкага, Міхаіла Паўлава і Уга Чавеса, у Лошыцкім парку і «Курасоўшчына», у скверы Уладзіміра Мулявіна, на пляцоўках каля «Чыжоўка-Арэны», «Першага Нацыянальнага гандлёвага дома», у Яблыневым скверы, на стадыёне ваеннага гарадка ў мікрараёне Уручча. Яшчэ адна пляцоўка разгорнецца каля Кургана Славы.
У гэтых лакацыях можна будзе ўбачыць 80 адзінак сучаснай ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, што амаль удвая больш, чым летась. Асаблівым сюрпрызам стане маштабная выстава савецкай ваеннай рэтратэхнікі 1930-х гадоў у парку Перамогі. Будуць таксама арганізаваны фотазоны, паказ сучаснай экіпіроўкі, работа трэнажораў, прафарыентацыйныя пляцоўкі, ваенна-спартыўныя конкурсы, музейныя экспазіцыі, выступленні кінолагаў са службовымі сабакамі, ваенных аркестраў. Традыцыйна ўсіх ахвотных пачастуюць салдацкай кашай, а самыя актыўныя ўдзельнікі конкурсаў атрымаюць сувеніры ад Міністэрства абароны.
Як падкрэсліў Аляксандр Кісель, нават у святочныя дні Узброеныя Сілы працягнуць выконваць задачы па забеспячэнні ваеннай бяспекі нашай дзяржавы. Гэта дазволіць жыхарам і гасцям Беларусі спакойна адзначыць галоўнае дзяржаўнае свята краіны.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ