У панядзелак ў беларускай сталіцы распачала сваю работу міжнародная прамысловая выстаўка «ІНАПРАМ. Беларусь». Гэта маштабная падзея стала важкай пляцоўкай для прэзентацыі найноўшых тэхналогій і абмеркавання перспектыў міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Удзел у ёй бяруць вядучыя кампаніі і прадпрыемства краін ЕАЭС, СНД і шэрагу іншых дзяржаў — усяго прадстаўнікі з 24 краін.
Пляцоўка для дыялогу
Выстаўка будзе доўжыцца да 1 кастрычніка на базе міжнароднага выставачнага цэнтра BELEXPO. Агульная плошча экспазіцыі складае больш за 20 тысяч квадратных метраў. Галоўныя раздзелы закранаюць шырокі спектр галін: машынабудаванне і камплектуючыя, металургію і новыя матэрыялы, хімічную прамысловасць, прамысловыя ІT-рашэнні, аўтаматызацыю вытворчасцяў і спецыялізаваныя паслугі для прадпрыемстваў.
На «ІНАПРАМ. Беларусь» прадстаўлена больш за 500 кампаній. Сярод іх амаль 300 прадпрыемстваў з 23 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, звыш 190 арганізацый з Беларусі, а таксама каля трох дзясяткаў удзельнікаў з Казахстана, Кыргызстана і Узбекістана. Усе яны — прызнаныя лідары сваіх сфер і дэманструюць апошнія дасягненні індустрыі.
Форум у Мінску — гэта не толькі выстаўка тэхналогій, але і магчымасць для дзелавога дыялогу, устанаўлення новых кантактаў і абмеркавання перспектыў супрацоўніцтва. Арганізатары падкрэсліваюць, што «ІНАПРАМ. Беларусь» павінна стаць доўгатэрміновай платформай для развіцця эканамічных сувязяў у рэгіёне.
Экспазіцыя інавацый
Сярод прадстаўленых распрацовак асаблівую ўвагу прыцягваюць праекты, якія аб’ядноўваюць праграмныя і апаратныя рашэнні. Як адзначыў дырэктар Мінскага гарадскога тэхнапарка Уладзімір ДАВІДОВІЧ у гутарцы з журналістамі, гэта так званыя Hard і Soft-праекты.
Па яго словах, гэта кампаніі, якія не проста ствараюць праграмнае забеспячэнне, а суправаджаюць яго ў канкрэтных галінах. Напрыклад, у сферы ЖКГ іх рашэнні дазваляюць дыстанцыйна здымаць паказанні з лічыльнікаў і кантраляваць спажыванне рэсурсаў.
Але гэта толькі адзін з кірункаў. Сярод іншых распрацовак — медыцынскія тэхналогіі, у тым ліку тэст-сістэмы для выяўлення COVІD-19 і іншых небяспечных захворванняў.
У экспазіцыі можна ўбачыць і спецыяльныя награвальныя элементы, прызначаныя як для абсталявання, так і для вялікіх вытворчых памяшканняў. Асобна ў гэтай сувязі прадстаўлены неанатальны столік — кампактнае медыцынскае абсталяванне, якое дазваляе ў крытычных сітуацыях захоўваць жыццё нованароджаных. «Такія рашэнні сведчаць, што нашы кампаніі працуюць на стыку розных тэхналогій, пры гэтым арыентуюцца на патрэбы чалавека», — падкрэсліў Уладзімір Давідовіч.
Грунтоўны падмурак для развіцця
«ІНАПРАМ. Беларусь» яскрава паказвае: наша рэспубліка — гэта важная пляцоўка для дыялогу і супрацоўніцтва ў сферы прамысловых інавацый. Шырокая геаграфія ўдзельнікаў, маштаб экспазіцыі і разнастайнасць прадстаўленых тэхналогій сведчаць пра тое, што краіна здольная прыцягваць партнёраў і дэманстраваць уласны патэнцыял. Асаблівую цікавасць выклікалі распрацоўкі ў сферы прамысловага ІT, энергетыкі, медыцыны і машынабудавання, якія з’яўляюцца стратэгічна значнымі для будучыні.
Выстаўка стала не проста прэзентацыяй тэхнікі і праектаў, але і каталізатарам новых сувязяў. Многія кампаніі ўжо знайшлі патэнцыяльных партнёраў, і вынікі форуму будуць адчувацца і пасля яго закрыцця. «ІНАПРАМ» дэманструе: Беларусь адкрыта да тэхналагічнага дыялогу, гатова ўспрымаць лепшыя сусветныя практыкі і прапаноўваць свае інавацыйныя рашэнні. Форум стаў сімвалам таго, што будучыня прамысловасці — у супрацоўніцтве, адзінстве і імкненні да прагрэсу.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА