Top.Mail.Ru

Мінск прымае з’езд анколагаў і радыёлагаў краін СНД

23 красавіка, у выставачным цэнтры «БелЭкспа» адбылося ўрачыстае адкрыццё XV З’езда анколагаў і радыёлагаў краін СНД і Еўразіі. Мерапрыемства праходзіць у Мінску з 22 па 24 красавіка і аб’яднала тысячы профільных спецыялістаў з 11 краін свету. У цэнтры ўвагі — персаналізаваная медыцына, генетычныя даследаванні, штучны інтэлект у клінічнай практыцы і сучасныя метады лячэння.


Анкалогія і радыялогія адносяцца да тых сфер аховы здароўя, якія найбольш імкліва развіваюцца, адзначыла намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч, вітаючы ўдзельнікаў з’езда.

– Адначасова яны з'яўляюцца найбольш адчувальнымі і нават страшнымі для нашых пацыентаў, — сказала Наталля Пяткевіч.

Намеснік Прэм’ер-міністра падкрэсліла, што анколагі кожны дзень знаходзяцца на стыку высокіх тэхналогій, этыкі і псіхалогіі, прымаюць рашэнні, якія ўплываюць не проста на здароўе — на жыццё людзей і яго якасць. 

Пры гэтым поспех лячэння можа быць забяспечаны толькі за кошт звязкі ўсіх складнікаў гэтага працэсу: ад ранняй і правільнай дыягностыкі, выбудоўвання схемы лячэння, яе карэкціроўкі пры неабходнасці і да размовы з пацыентам.


Віцэ-прэм’ер заўважыла, што анколаг сёння «не проста спецыяліст па схемах і пратаколах — гэта архітэктар маршрутызацыі пацыента ў гэтым лабірынце жыццёвай сітуацыі, у якім, на жаль, чалавек апынуўся».

Яна нагадала, што разам з пытаннямі лячэння важна не забываць аб другім баку пытання — псіхалагічным, аб душы, эмоцыях пацыента і яго сям’і.

– У вашых руках не проста здароўе, але і лёс пацыента. Поспех будзе тады, калі два кампаненты — медыцынскі і псіхалагічны — будуць спалучацца, — дадала Наталля Пяткевіч.

Намеснік Прэм’ер-міністра звярнула ўвагу на тое, што анкалогія і радыялогія прайшлі каласальны шлях, каб забяспечыць зусім іншую якасць працы. Але, нягледзячы на ўсе прарыўныя высокія тэхналогіі, пастулаты застаюцца тымі ж: ранняя дыягностыка, якасць лячэння, якасць жыцця пацыента.

Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пытанням развіцця анкалогіі, фінансавання гэтай сферы ўдзяляецца вялікая ўвага, дадала віцэ-прэм’ер. Пытанні прафілактыкі, ранняй дыягностыкі і дыспансерызацыі ўсяго насельніцтва краіны, забеспячэння якаснага лячэння — асноўныя кампаненты Дзяржаўнай праграмы «Здароўе нацыі» на 2026—2030 гады.

– Рак сёння вораг непераможаны, на жаль. І перамагчы яго можна, толькі злучыўшы інтэлект, тэхналогіі і намаганні ўсіх краін, — падкрэсліла Наталля Пяткевіч.

З'езд анколагаў і радыёлагаў краін СНД і Еўразіі - гэта ўнікальная прастора, дзе ўсе аб'ядноўваюцца дзеля перамогі над хваробай, адзначыў Генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.

– Менавіта ў цесным міжнародным супрацоўніцтве, адкрытым абмене клінічным вопытам і вынікамі фундаментальных даследаванняў нараджаюцца ўсе стандарты лячэння, якія заўтра выратуюць тысячы жыццяў, – падкрэсліў ён.



Міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр Хаджаеў заявіў, што айчынная анкалагічная служба валодае тэхналогіямі, якія недаступны іншым краінам постсавецкай прасторы.

– За апошнія гады вельмі вялікія грошы ўкладзены ў мадэрнізацыю і развіццё анкалагічнай службы нашай краіны. Мы дасягнулі значных вынікаў у яе перааснашчэнні самым высокатэхналагічным абсталяваннем. Мы сёння валодаем тымі тэхналогіямі, якія краіны на постсавецкай прасторы пакуль яшчэ не маюць магчымасці выкарыстоўваць, - расказаў міністр.

Аляксандр Хаджаеў дадаў, што Беларусь ганарыцца тым, што мае, і на гэтым з'ездзе прадэманструе тыя дасягненні ў высокіх тэхналогіях, якія сёння ёсць у краіне:

– Гэта і CAR-T-тэрапія, і выкарыстанне таргетных прэпаратаў, якіх сёння ў нас у дастатковай колькасці. Гэта ўсё дазваляе павялічваць працягласць жыцця грамадзян.

Алена КРАВЕЦ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю