Міжнародныя спаборніцтвы збяруць удзельнікаў з васьмі краін і сотні мадэляў суднаў
У Мінску 23 красавіка стартуе адзін з найбуйнейшых турніраў у галіне суднамадэльнага спорту — Кубак свету «Мінская вясна — 2026». Урачыстае адкрыццё адбудзецца ў 14.00 на базе Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі (вул. Ванеева, 34).

Спаборніцтвы пройдуць пры ўдзеле міжнародных і нацыянальных арганізацый. Падзея ўжо стала прыкметнай для спартыўнай супольнасці, паколькі гэта другі турнір такога ўзроўню, праведзены ў Беларусі.
Сёлета да ўдзелу далучыліся прадстаўнікі васьмі краін, у тым ліку Беларусі, Расіі, Германіі, Турцыі, Літвы, Грузіі, Казахстана і Узбекістана. Усяго заяўкі падалі больш за 140 спартсменаў, якія прадставяць каля 250 мадэляў у розных класах. Акрамя таго, наведвальнікі змогуць убачыць шырокую выставачную экспазіцыю — звыш 170 мадэляў суднаў, ад складаных інжынерных работ да першых спроб маладых удзельнікаў.

Спаборніцкая праграма разгорнецца на дзвюх пляцоўках. У Цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі адбудуцца стэндавыя спаборніцтвы, а на Камсамольскім возеры — гоначныя заезды радыёкіраваных яхт. Узнагароджанне пераможцаў запланавана на 26 красавіка.
На працягу ўсяго перыяду правядзення турніру будзе працаваць адкрытая выстава мадэляў, якую змогуць бясплатна наведаць усе ахвотныя.

Арганізатары адзначаюць, што правядзенне такога маштабнага форуму не толькі ўмацоўвае міжнародныя сувязі, але і спрыяе развіццю тэхнічнай творчасці і суднамадэльнага спорту ў краіне.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ