Top.Mail.Ru

Мінск як пункт апоры. Беларусь зноў становіцца пляцоўкай для дыялогу пра бяспечную будучыню

3 лістапада адкрываецца IV Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы. На два дні сталіца Беларусі зноў становіцца цэнтрам сканцэнтравання ідэй аб новай архітэктуры еўразійскай бяспекі і шматпалярным свеце. Гэта ўнікальная пляцоўка стала магчымай дзякуючы дыпламатычным намаганням нашай краіны. Першапачаткова яна задумвалася як разавае мерапрыемства, але дзякуючы сваёй эфектыўнасці і своечасовасці набыла пастаянную дыялогавую форму.

Ініцыятыва правесці першую канферэнцыю ў Мінску з’явілася яшчэ ў 2022 годзе. У лістападзе ідэю аб яе правядзенні агучыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на саміце АДКБ у Ерэване. З таго часу на ўсіх пляцоўках беларускія дыпламаты рабілі ўпор на неабходнасці абмеркавання існуючых праблем адкрыта і падрабязна.

Першая канферэнцыя: заяўка на новую архітэктуру бяспекі

Першая міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы прайшла ў Мінску 26-27 кастрычніка 2023 года. У цэнтры ўвагі было пытанне рэальнасці і перспектыў еўразійскай бяспекі ў свеце, які трансфармуецца. Канферэнцыя сабрала каля 300 удзельнікаў, у тым ліку 150 палітыкаў, аналітыкаў і экспертаў з 30 краін.

Аб высокім узроўні форуму сведчылі прадстаўнічыя ўдзельнікі: міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі, міністр замежных спраў Расіі, генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, генеральны сакратар Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі, намеснік генеральнага сакратара Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, намеснік міністра замежных спраў Казахстана, намеснік міністра замежных спраў Таджыкістана, намеснік міністра замежных спраў — кіраўнік Цэнтра палітычных і міжнародных даследаванняў МЗС Ірана і шэраг іншых высокапастаўленых гасцей.

Важным крокам стала тое, што Беларусь менавіта на гэтай пляцоўцы ўпершыню афіцыйна прадставіла канцэптуальную ініцыятыву аб распрацоўцы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў ХХІ стагоддзі.

У час тэматычных панэльных дыскусій размова ішла аб актуальных праблемах еўразійскай бяспекі, асноўных выкліках і пагрозах геапалітычнага, ваеннага, эканамічнага і энергетычнага характару. Былі таксама намечаны перспектыўныя крокі і напрамкі фарміравання новай архітэктуры бяспекі рэгіёна.

Другая канферэнцыя: дыялог пашыраецца геаграфічна

Мерапрыемствы II Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы прайшлі 31 кастрычніка — 1 лістапада 2024 года. Цэнтральным стала выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка ў час II Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, кастрычнік 2024 года 


Паказальна, што на гэты раз канферэнцыя сабрала ўжо каля 600 удзельнікаў з больш як 40 краін. Удзел зноў прынялі кіраўнікі МЗС Венгрыі і Расіі, кіраўніцтва выканаўчых органаў СНД, НУМДА і АДКБ, а таксама прадстаўнікі экспертных і навуковых колаў. Далучыліся да мінскага дыялогу таксама віцэ-прэм’ер Сербіі і кіраўнік МЗС Сірыі. Павелічэнне і колькаснага, і якаснага складу ўдзельнікаў падкрэсліла набіраючы сілу запыт на адкрытае абмеркаванне наспелых праблем ва ўмовах свету, які хутка змяняецца.

Вынікам II Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы стала прадстаўленне праекта Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі.

Трэцяя канферэнцыя: ад абмеркавання выклікаў — да іх асэнсавання

Сустрэча, цэнтральнай тэмай якой сталі глабальны сусветны (бес)парадак і галаваломка еўразійскай бяспекі, адбылася ў Мінску ўжо традыцыйна восенню — 28-29 кастрычніка 2025 года. Адкрыў дыялог высокага ўзроўню Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ў час III Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, кастрычнік 2025 года

У Мінск прыехалі больш за 700 прадстаўнікоў акадэмічнай і экспертнай супольнасцей, буйных «фабрык думкі» з больш як 45 краін свету.

Сярод гасцей — міністры замежных спраў Венгрыі, Расіі, КНДР, М’янмы, спецпрадстаўнік Кітая, кіраўнікі шэрага міжнародных арганізацый (СНД, АДКБ, НУМДА і інш.), намеснікі міністраў замежных спраў Індыі, Ірана, Казахстана, Камбоджы, ААЭ, Амана, Таджыкістана, Узбекістана.

У ходзе канферэнцыі адбылася адкрытая дыскусія аб перспектывах еўразійскай бяспекі ва ўмовах крызісу існуючага светапарадку, хранічных ваенна-палітычных супярэчнасцей паміж ключавымі ігракамі і практычна поўнай адсутнасці камунікацый паміж імі.

Канферэнцыя зафіксавала гатоўнасць удзельнікаў прадаўжаць дыялог па фарміраванні контураў новай еўразійскай архітэктуры бяспекі і канцэпцыі Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі.

Чацвёртая канферэнцыя: паглыбленне парадку дня

Чакаецца, што на IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы будзе таксама разгледжаны шырокі спектр пытанняў рэгіянальнай і глабальнай бяспекі. У дыскусіі прымуць удзел прадстаўнікі 50 дзяржаў. Акрамя пленарнага пасяджэння на канферэнцыі прадугледжаны тры рабочыя і дзве тэматычныя сесіі. Яны будуць прысвечаны пытанням ваенна-палітычнай бяспекі, кантролю над узбраеннямі і кіравання ваеннымі рызыкамі, найноўшым тэхналогіям, інфармацыйнай бяспецы, штучнаму інтэлекту, барацьбе з дэзынфармацыяй і дыпфэйкамі, а таксама тэмам эканамічнай інтэграцыі, харчовай і энергетычнай бяспекі і ролі жанчын ва ўмацаванні міру.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю