Беларускі клуб, які выступае ў КХЛ, апублікаваў навіну, якую чакалі ўсе балельшчыкі. Умовы рэалізацыі абанементаў на новы сезон размешчаны на афіцыйным сайце «зуброў».
Перш за ўсё звяртае на сябе ўвагу, што відаў абанементаў два. Першы прадугледжвае наведванне абсалютна ўсіх 34 матчаў «Дынама» ў рэгулярным чэмпіянаце-2025/26. Другі разлічаны на гульні ў святочныя, перадсвяточныя і выхадныя дні.
У абодвух варыянтаў ёсць несумненная выгада перад купляй квіткоў на кожны матч. Фактычна ўладальнік абанемента на цэлы сезон плаціць за 20 квіткоў, а набывае магчымасць наведаць 34 гульні. Што датычыцца другога віду, то тут таксама ёсць перавагі. За кошт, эквівалентны 10 паядынкам, даецца шанц 13 разоў наведаць «Мінск-Арэну».
Далей — катэгорыі абанементаў, іх тры. Месцы падзелены па размяшчэнні на трыбунах аб’екта. Самая дарагая цэнавая катэгорыя — так званыя цэнтральныя сектары ніжняга яруса. Следам ідуць балконы і, нарэшце, крэслы за варотамі ніжняга яруса.
Самы дарагі абанемент на цэлы сезон каштуе 1200 беларускіх рублёў, самы танны — 200. Асобна звернем увагу, што існуе спецыяльная прапанова — 2400 рублёў за найлепшыя месцы.
Набыць абанементы можна ў растэрміноўку. Акрамя таго, для пастаянных балельшчыкаў — тых, хто ўжо валодаў абанементам у мінулым годзе, — ёсць зніжкі.