Top.Mail.Ru

Мінскае «Дынама» і «МЛ Віцебск» стартуюць у трэцім раўндзе футбольнай Лігі канферэнцый

Беларускія футбольныя каманды правядуць стартавыя паядынкі трэцяга кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый, паведамляе БелТА.

Чэмпіён Беларусі «МЛ Віцебск» згуляе ў Баня-Луцэ з баснійскім клубам «Борац» (пачатак сустрэчы ў 21.30). Гэты матч рассудзіць брыгада арбітраў з Нідэрландаў, якую ўзначаліць Джоўі Каэй. На папярэднім этапе віцябчане не адчувалі асаблівых праблем у процістаянні з чарнагорскай «Суцьескай», атрымаўшы дзве перамогі — 3:0 і 2:1. Футбалісты «Бораца» былі мацнейшымі за малдаўскі клуб «Петракуб» — 3:0 і 3:3. Калі «МЛ Віцебск» па суме дзвюх сустрэч выйграе ў баснійцаў, то ў матчах за выхад у асноўны этап сустрэнецца з прайграўшым у пары Лігі Еўропы «Тун» (Швейцарыя) — «Вікінгур» (Рэйк’явік, Ісландыя).

Футбалісты мінскага «Дынама» таксама на выездзе будуць сапернічаць з партугальскай «Брагай» (пачатак сустрэчы ў 21.30). Галоўным суддзёй матчу будзе аўстрыйскі рэферы Крысціян-Петру Чакірка. У другім крузе кваліфікацыі дынамаўцы аказаліся мацнейшыя за бакінскі «Нефтчы» — 4:2 і 0:1, а партугальцы двойчы перайгралі сербскі «Жалезнічар» — 4:0 і 1:0. У выпадку поспеху ў барацьбе з «Брагай» сапернікам мінчан будзе пераможца пары «Бейтар» (Іерусалім, Ізраіль) — «Аўстрыя» (Вена, Аўстрыя).

Паядынкі ў адказ за траплянне ў плэй-оф ЛК пройдуць 13 жніўня: «МЛ Віцебск» прыме «Борац» у Венгрыі, а «Дынама» згуляе з «Брагай» у Балгарыі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю