Top.Mail.Ru

Мінскаму трактарнаму заводу спаўняецца 80 гадоў

Гімн шчырай і самаадданай працы


Адкрытае акцыянернае таварыства «Мінскі трактарны завод» — прадпрыемства, якое ўваходзіць у васьмёрку найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце і з’яўляецца флагманам машынабудавання нашай краіны. У пятніцу, 29 мая, прадпрыемства адзначае свой 80-гадовы юбілей. Гэта свята, якое аб’ядноўвае дзясяткі пакаленняў працаўнікоў, многія з якіх сталі прадаўжальнікамі працоўных дынастый, работнікаў галіны прамысловасці ды і ўсіх жыхароў нашай краіны, якія ганарацца працоўнымі дасягненнямі славутага прадпрыемства. Яркім пацвярджэннем гэтага стала вялікая колькасць гасцей, якія сёння сабраліся на Прызаводскай плошчы Мінскага трактарнага завода. 


...З самай раніцы ля будынка Мінскага трактарнага завода адчуваецца цудоўная святочная атмасфера. Шчодрыя промні сонца, якія асвятляюць наваколле, мілагучныя акорды музыкі — усё гэта ўзнімае настрой. Немагчыма прайсці міма выставы тэхнікі BELARUS. Тут можна пабачыць трактары BELARUS 622, 923.3, 1222.3, 2023, 3326...


Аднак работнікі Мінскага трактарнага завода — гэта не толькі высокакваліфікаваныя спецыялісты, руплівыя працаўнікі, але і цудоўныя артысты. У гэтым змаглі пераканацца гледачы, якія пабачылі яркія выступленні творчых калектываў Палаца культуры трактарнага завода. 


Госці свята на некаторы момант вярнуліся ў далёкія пасляваенныя гады і ўявілі, як адраджалася народная гаспадарка і з руін узводзіліся будынкі прадпрыемстваў. Сярод іх і Мінскі трактарны завод. За кароткі час былі ўзведзены памяшканні цэхаў, дзе былі ўстаноўлены станкі — і з кожным годам завод набіраў усе большую сілу і моц. За дзесяцігоддзі сваёй дзейнасці трактарны завод стаў прадпрыемствам-гігантам, дзе выпускаецца запатрабаваная ва ўсім свеце прадукцыя. Пра гэта ўзгадаў у сваім выступленні генеральны дырэктар Мінскага трактарнага завода Тарас Мурог. Ён выказаў сённяшнім работнікам прадпрыемства, ветэранам працы шчырыя словы віншаванняў. Пад шчырыя апладысменты гледачоў Тарас Мурог уручыў ганаровыя граматы работнікам, якія на працягу многіх гадоў застаюцца вернымі абранай справе. Арганічным дапаўненнем урачыстай дзеі сталі выступленні папулярных беларускіх выканаўцаў Ірыны Дарафеевай, Андрэя Коласава і многіх іншых. 



З кожнай хвілінай свята набірае ўсё большы размах. Гасцей чакае яшчэ шмат святочных сюрпрызаў. Свае шчырыя віншаванні работнікам завода са сцэны дораць прадстаўнікі прадпрыемстваў-партнёраў. Нікога не пакінуць раўнадушным музычны фестываль «MUZ.BELARUS», танцы трактароў BELARUS. Яркім завяршэннем святочнага дня стане святочны феерверк. Мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею прадпрыемства, будуць праходзіць і ў нядзелю.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымках: яркія моманты свята.

Фота Ксеніі ЛІННІК.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю