Стварэнне Мінскай духоўнай акадэміі ў 1996 годзе было гістарычна абумоўлена. У Беларусі, якая ў той час ужо была незалежнай краінай, не было сваёй вышэйшай навучальнай ўстановы, якая б адказвала за падрыхтоўку праваслаўных святароў і царкоўных спецыялістаў (багасловаў, рэгентаў царкоўнага хору, іканапісцаў і г. д.). А гэта справа адказная, патрабуе не столькі адукацыі ў зразумелым нам свецкім кантэксце, колькі глыбокіх ведаў па дысцыплінах, звязаных з духоўным светам чалавека.
«За тры дзесяцігоддзі свайго існавання акадэмія стала адным з найважнейшых цэнтраў духоўнай асветы і царкоўнай навукі Беларускай праваслаўнай царквы. Яна робіць неацэнны ўнёсак не толькі ў падрыхтоўку годных пастыраў і царкоўных педагогаў, але і ў захаванне і развіццё праваслаўнай багаслоўскай традыцыі, умацаванне духоўна-маральных асноў беларускага грамадства. Акадэмія па праву займае значнае месца ў жыцці Царквы і беларускага народа, служыць прасторай жывога дыялогу паміж верай і розумам, паданнем і сучаснасцю, — гаворыцца ў вітанні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, якое зачытаў рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Афанасій (Сакалоў). — Трэба памятаць, што важная задача духоўнай адукацыі — не проста ў інтэлектуальным спасціжэнні найбагацейшай спадчыны праваслаўнай царквы. Яна ў гарманічным спалучэнні навуковых ведаў з жывым засвойваннем рэлігійных ісцін духоўнага жыцця. Багаслоўская навука і адукацыя маюць каштоўнасць не самі па сабе, а як скарбніца духоўнай мудрасці, засвойванне якой неабходнае для сапраўднага духоўнага ўзрастання свяшчэннаслужыцеляў і іх паствы. Толькі тады веды становяцца ўратавальнымі, калі яны злучаюцца з малітвай, досведам царкоўнага жыцця і шчырым імкненнем да зносінаў з Богам».
Імкненне было, бо ў Рэспубліцы Беларусь у 1990-я гады пачалі аднаўляцца храмы, імкліва павялічвалася колькасць прыходаў, то стала зразумела, што трэба больш святароў. Ужо існавала Мінская духоўная семінарыя, але яна давала базавыя веды, дзеля іх удасканалення і атрымання вышэйшай кваліфікацыі беларускім выпускнікам даводзілася ехаць у Расію. Беларускай праваслаўнай царкве былі патрэбныя ўласныя кадры высокага ўзроўню: выкладчыкі семінарый, тэарэтыкі-навукоўцы і кіраўнікі царкоўных структур. Стварэнне сваёй ВНУ духоўнага кірунку было падмацавана і тым, што Беларусь — гістарычна поліканфесійная краіна, дзе суіснуюць розныя рэлігійныя плыні і арганізацыі. Гэта трэба было разумець і ўмець улічыць у сваім служэнні. Уласная акадэмія дазволіла сфакусавацца на даследаванні менавіта беларускай царкоўнай гісторыі, мясцовых святынь і багаслоўскай спадчыны — таго ж «златавуста» старажытнай Беларусі Кірылы Тураўскага, пісьменніка, прапаведніка, першага вядомага на Русі стоўпніка (прыняў строгі лад жыцця, маліўся і пісаў, закрыўшыся ад іншых у высокай вежы).
Усё гэта разумеў першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, на той час мітрапаліт Мінскі і Гродзенскі Філарэт (Вахрамееў), які здолеў зрушыць гэту справу. Ініцыятыву беларускага боку ў 1991-м ухваліў Свяшчэнны Сінод РПЦ пад старшынствам Патрыярха Алексія II, а праз пяць гадоў ён блаславіў Беларускую духоўную акадэмію на дзейнасць. 30 лістапада 1996 года ў навучальную ўстанову, якая размясцілася на тэрыторыі Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, былі залічаны першыя студэнты. У першыя гады ў якасці выкладчыкаў прыцягваліся вядучыя айчынныя і замежныя спецыялісты (як з краін блізкага, так і далёкага замежжа) у галіне багаслоўя, гісторыі і філалогіі, прычым, нават са свецкіх навучальных устаноў.
Спачатку акадэміяй кіраваў асабіста мітрапаліт Філарэт — пра яго ў дні святкавання 30-годдзя ўстановы гавораць як пра Героя Беларусі, які атрымаў гэта вышэйшае дзяржаўнае званне за адраджэнне веры ў краіне. Ён жа і вызначыў шлях беларускай духоўнай адукацыі. Пра яго служэнне згадвалі падчас прымеркаванай да ўрачыстасцяў канферэнцыі. Яна была прысвечана царкоўнай навуцы пачатку трэцяга тысячагоддзя і прайшла 30 кастрычніка ў памяшканні Мінскай духоўнай акадэміі. Гэта будынак у гістарычным цэнтры беларускай сталіцы, куды ўстанова пераехала ў 2015 годзе. За тры дзесяцігоддзі яна стала вядучым цэнтрам праваслаўнай багаслоўскай адукацыі і навукі ў Беларусі. Але цяпер вядзе рэй у дыялогу духоўных і свецкіх навучальных устаноў: на канферэнцыю сабраліся ўдзельнікі не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Адметна, што архімандрыт Афанасій (Сакалоў) з’яўляецца рэктарам акадэміі з 2021 года. Ён сам яе скончыў, пры тым, што ўжо меў дыплом Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта і папрацаваў настаўнікам, але стаў на шлях духоўнага служэння, прыняўшы манаскі пострыг.
— Акадэмія з’яўляецца духоўнай навучальнай установай, якая ажыццяўляе падрыхтоўку царкоўных навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі, царкоўных педагогаў і супрацоўнікаў царкоўных устаноў. Цяпер тут дзейнічаюць як дзённае, так і завочнае аддзяленні, на кожным навучаецца каля 100 чалавек, — патлумачыў Аляксандр Слесараў, прарэктар па навуковай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі, доктар царкоўнай гісторыі, кандыдат багаслоўя, кандыдат гістарычных навук. І звярнуў ўвагу на тое, што тут свая магістратура, аспірантура, пры жаданні можна абараніць дысертацыю. — Такім чынам духоўная акадэмія вянчае ўвесь складаны і доўгі цыкл падрыхтоўкі свяшчэннаслужыцеляў і рыхтуе клірыкаў Беларускай праваслаўнай царквы да таго, каб быць адкрытымі і падрыхтаванымі да дыялогу з сучасным грамадствам.
Галоўная ўрачыстасць для царквы і вернікаў — святочнае набажэнства. Яно адбудзецца ў нядзелю ў Свята-Духавым кафедральным саборы 1 лістапада. Літургію ўзначаліць Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. Але ў гэты дзень шмат хто затрымаецца каля помніка мітрапаліту Філарэту, чалавеку, дзякуючы энергіі і духоўнаму аўтарытэту якога наогул з’явіўся Беларускі Экзархат. Таму юбілей Мінскай духоўнай акадэміі — гэта не толькі падвядзенне вынікаў шматгадовай работы выкладчыкаў і выпускнікоў, але і спроба асэнсаваць, які ўздым атрымала духоўнае жыццё ў Беларусі за ўсяго толькі 30 гадоў.
Ларыса ЦІМОШЫК