Top.Mail.Ru
151

Мінская гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі адзначыла 115-годдзе

З 2010 года супрацоўнікі службы хуткай медыцынскай дапамогі Беларусі адзначаюць 7 кастрычніка як дату свайго прафесійнага свята.

У сучаснай ахове здароўя краіны Служба хуткай медыцынскай дапамогі займае сваё асаблівае месца. На сённяшні дзень яе гісторыя налічвае 115 гадоў.

У пачатку сваёй дзейнасці служба мела ў сваім распараджэнні конную карэту і тэлефонную сувязь. Але ўжо 20 мая 1911 года Таварыства сясцёр міласэрнасці сталіцы сабрала сродкі і закупіла ў Аўстрыі першы санітарны аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі. Праз чатыры дні гэты аўтамабіль з брыгадай медработнікаў зрабіў свой першы выезд на Камароўскае поле, у наваколлі горада Мінска, для медыцынскага забеспячэння паказальных палётаў на аэраплане знакамітага авіятара Сяргея Утачкіна. За 1911 год службай начных дзяжурстваў урачоў было выканана 650 выклікаў. 

У цяперашні час Служба хуткай медыцынскай дапамогі сталіцы прадстаўлена ўстановай аховы здароўя «Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі», у якой працуе каля 2000 супрацоўнікаў. Выконваецца дзяржаўны сацыяльны стандарт забяспечанасці брыгадамі хуткай медыцынскай дапамогі. Кругласутачна на змену заступаюць больш за 160 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі, якія выконваюць каля 550 тысяч выездаў у год. Для паспяховага аказання хуткай медыцынскай дапамогі брыгады забяспечаны сучаснымі спецыялізаванымі аўтамабілямі, медыцынскай тэхнікай, вырабамі медыцынскага прызначэння і лекавымі сродкамі.

  • Акрамя аказання медыцынскай дапамогі пры няшчасных выпадках, атручваннях, траўмах, абвастрэнні хранічных захворванняў, Служба хуткай медыцынскай дапамогі з’яўляецца той часткай аховы здароўя, якая першай пачынае аказанне медыцынскай дапамогі пры розных надзвычайных сітуацыях (напрыклад, пры масавай цісканіне ў падземным пераходзе Мінска каля станцыі метро «Няміга» ў 1999 годзе, пры выбуху каля манумента «Мінск — горад-герой» у 2008 годзе, пры выбуху ў метро ў 2011 годзе). Вялікую ролю адыграла работа Службы хуткай медыцынскай дапамогі ва ўмовах пандэміі каранавіруснай інфекцыі.

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 115-годдзю з дня заснавання гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, прайшло ў Мінскім гарадскім палацы культуры 17 кастрычніка.

У зале сабраліся супрацоўнікі і ветэраны арганізацыі, а таксама ганаровыя госці, каб аддаць даніну павагі і ўдзячнасці людзям, якія ў любое надвор’е, у любы час сутак прыходзяць на дапамогу жыхарам сталіцы.

З нагоды гэтай святочнай даты ўзнагародзілі каля 200 работнікаў станцыі. 

Медыкаў адзначылі падзякамі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства аховы здароўя, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, а таксама нагрудным знакам Міністэрства аховы здароўя і ордэнам Беларускай праваслаўнай царквы.

З цёплымі словамі да спецыялістаў звярнуўся памочнік Прэзідэнта Беларусі — інспектар па г. Мінску Юрый Фралоў. Ён падкрэсліў, што прафесія ўрача асаблівая, а служба хуткай дапамогі займае ўнікальнае месца ў сістэме аховы здароўя. «Гэтыя людзі штодня, 24 гадзіны ў суткі, аказваюць дапамогу тым, хто знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці, даючы ім шанец на жыццё».

Віншуючы супрацоўнікаў гарадской станцыі, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран звярнуў увагу, што работнікі хуткай дапамогі першымі аказваюцца побач, калі ў чалавека застаецца толькі надзея: «Няхай кожны выклік заканчваецца выратаваннем, а вы заўсёды будзеце вяртацца дадому цэлымі».

Па словах загадчыка 3-яй падстанцыяй установы Віталя Грузера, на станцыі сёння працуюць звыш 2 тысяч чалавек, штодня на дзяжурства выходзяць 11 падстанцый. Толькі адна з іх выконвае ў суткі да 170 выклікаў, а ўся служба — каля 1,5–2 тысяч. «Хачу пажадаць калегам вытрымкі, здароўя, захавання таго высокага прафесіяналізму, якім заўсёды славілася мінская хуткая дапамога», — сказаў ён.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю