Top.Mail.Ru

Мінская канферэнцыя — адкрыты дыялог аб міры і бяспечнай будучыні

Пляцоўка, дзе слухаюць і чуюць адзін аднаго


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

«Бяспека — толькі адно са звёнаў у сістэме агульначалавечых каштоўнасцяў. Але гэта база, без якой усё астатняе немагчыма, будзе пустатой. Трэба адысці ад забабонаў і стэрэатыпаў і пачаць карпатліва выбудоўваць дыялог, крок за крокам шукаць кропкі судакранання і збліжэння»

На ІІ Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. 31 кастрычніка 2024 года.

Аналіз матэрыялаў СМІ сведчыць аб тым, што кожны год у свеце праводзяцца дзясяткі форумаў, у назве якіх прысутнічае слова «бяспека». Найбольшую вядомасць набылі Мюнхенская канферэнцыя, Глабальны саміт па бяспецы ААН, Шанхайскі і Азіяцкі форумы. З 2023 года ў гэтым шэрагу з’явілася новая пляцоўка — Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы. Чым гэта абумоўлена і якая яе роля?

За новай «жалезнай заслонай»

Расійская спецыяльная ваенная аперацыя, справакаваная Захадам і распачатая ў 2022 годзе ў адказ на поўнае ігнараванне інтарэсаў Масквы, стала зыходным пунктам для фарміравання новага шматпалярнага свету. Усе пляцоўкі для прамога дыялогу паміж Усходам і Захадам былі разбураны альбо адгароджаны штучнай «жалезнай» заслонай. Еўропа, ЗША і НАТА стварылі ўласную віртуальную інфармацыйную бурбалку, не ўлічваючы аб’ектыўныя працэсы, якія адбываюцца ў свеце: сістэмны крызіс амерыканскай эканомікі, знясіленне рэсурсаў і паслабленне пазіцый долара ЗША як сусветнай рэзервовай валюты; дэградацыю заходняй «дэмакратыі» і эканамічнай мадэлі «грамадства спажывання»; рэгрэс еўрапейскіх інстытутаў кіравання і завяршэнне эпохі неакаланіялізму; змена ваенна-палітычнага балансу і фарміраванне новых цэнтраў сіл.

Спробы эканамічнага ўдушэння Расіі і Беларусі, іх палітычнай ізаляцыі і паражэння на полі бою праваліліся. Неафашысцкая Украіна, падтрыманая ўсім Еўрасаюзам, церпіць паражэнне і адчайна патрабуе новых фінансава-эканамічных уліванняў, якімі Захад не валодае.

Практычна вычарпаны ўвесь арсенал даступных для выкарыстання супраць Саюзнай дзяржавы сіл і сродкаў, уведзена ў дзеянне 19 санкцыйных пакетаў, а доўгачаканая «перамога» паслядоўна трансфармуецца ў глабальнае паражэнне.

Не дапамагаюць ні Рамштайны, ні Мюнхенскія вячоркі, ні Брусельскія і Варшаўскія галашэнні. Сусветная большасць выразна ўсведамляе, што шматпалярны свет — рэальнасць, якую не хочуць прызнаваць сучасныя глабалісты, што прывыклі вырашаць любыя праблемы за чужы кошт сілай зброі.

Жывучы ва ўласнай парадыгме, Захад працягвае трансліраваць разуменне будучыні чалавецтва выключна зыходзячы са сваіх інтарэсаў, дзе вакол — джунглі, а яны — дагледжаны сад. Пры гэтым за дужкамі застаецца, што ўсе рэсурсы для жыцця паступаюць у гэты «сад» звонку. Менавіта таму Еўропа закупляе зброю за кошт Фонду міру, менавіта таму заходнія функцыянеры абвяшчаюць, што «ва Украіне з Расіяй ваююць менавіта яны» і ні на адным з форумаў па бяспецы размова не ідзе аб рэальным міры.

Калі «бяспека» тоесная «вайне»

Прадстаўлены ў 2025 годзе ў рамках Мюнхенскай канферэнцыі трохэтапны план па «дасягненні міру» прэзідэнта Фінляндыі Аляксандра Стуба па сутнасці з’яўляецца планам вайны. Прычым спачатку Украіна павінна быць пераведзена ў «моцную пазіцыю», для чаго варта павялічыць падтрымку за кошт выкарыстання замарожаных (скрадзеных) актываў Расіі, узмацнення санкцый супраць Масквы ў спалучэнні з дамоўленасцямі ў сферы бяспекі Еўропы і ЗША. Толькі потым можна пераходзіць да спынення агню, а затым ужо да мірных перагавораў. Вось такі ён фінска-еўрапейскі падыход, дзе няма месца сантыментам і намёку на вырашэнне першапрычын канфлікту.

Далей яшчэ страмчэй, без намёку на жаданне разабрацца ў праблеме, з напышлівай упэўненасцю ва ўласнай перавазе і адарванасцю ад рэальнасці, аднак з непарушнай упэўненасцю: «Калі прайграе Украіна — прайграем мы ўсе (Захад)». Бескампрамісна і без якога-небудзь намёку на дыпламатыю.

Досыць ёміста ацаніла змястоўную частку германскай канферэнцыі афіцыйны прадстаўнік расійскага МЗС Марыя Захарава: «Усе апошнія гады мы назіралі выпустошванне з работы Мюнхенскай пляцоўкі аналітычнага складніка, ператварэнне форуму з дыскусійнага клуба ў русафобскую прапагандысцкую сходку. Іх якасць паслядоўна зніжалася, саступаючы месца дагматызацыі, аналіз станавіўся ўсё больш палітызаваным і недасканалым». Паводле ацэнкі Захаравай, «эпоха Мюнхена застаецца ў мінулым», а разам з ёй і актуальнасць заходніх ацэнак у сферы бяспекі.

Аднак прамы дыялог Усходу, Захаду і Поўдня сёння — надзённая неабходнасць. Памятаючы, што Мінск асацыюецца ў сусветнай большасці са стабільнасцю і бяспекай, краіна на працягу дзесяцігоддзяў з’яўляецца донарам міру ў рэгіёне, а геаграфічнае становішча дае магчымасць прыняць усіх зацікаўленых у справядлівай будучыні, Беларусь прапанавала ўласную пляцоўку для Міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы.

Форум раўнапраўнага дыялогу

Невыпадкова ў якасці мэты канферэнцыі была вызначана — адкрытая і інклюзіўная дыскусія аб перспектывах еўразійскай бяспекі ва ўмовах крызісу існуючага светапарадку, хранічных ваенна-палітычных супярэчнасцяў паміж ключавымі гульцамі і практычна поўнай адсутнасці камунікацый паміж імі.

Бо менавіта нежаданне весці раўнапраўны дыялог стала прычынай пачатку спецыяльнай ваеннай аперацыі на Украіне. Разам з тым любое ўзброенае супрацьстаянне рана ці позна завяршаецца мірам, а яго абрысы, пазіцыі бакоў і шляхі дасягнення немагчымыя без раўнапраўнага дыялогу. Менавіта ў гэтым сутнасць мінскай пляцоўкі, якая гатова аб’яднаць усіх, каму не абыякавая будучыня рэгіёна, блізкія прынцыпы шматпалярнасці і добрасуседства.

З уласцівай яму дальнабачнасцю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў правядзенне такой канферэнцыі ў лістападзе 2022 года на саміце АДКБ у Ерэване. Кіраўнік беларускай дзяржавы тады прапанаваў правесці шырокае абмеркаванне міжнароднага парадку дня на палях канферэнцыі высокага ўзроўню па праблематыцы еўразійскай бяспекі з запрашэннем вышэйшых службовых асоб сакратарыятаў ААН, ШАС, СНД і іншых міжнародных арганізацый.

Ужо ў кастрычніку 2023 года першы форум адбыўся ў Мінску, аб’яднаўшы прадстаўнікоў 30 краін Захаду, Усходу і Поўдня. У рамках канферэнцыі быў прадстаўлены праект Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў ХХІ стагоддзі, што стала пэўнай сенсацыяй для міжнароднага палітычнага поля. 

У 2024 годзе на II Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, выступаючы перад палітыкамі і экспертамі больш як з 40 дзяржаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «На жаль, сёння можна пералічыць на пальцах адной рукі пляцоўкі, дзе вяліся б адкрытыя, канструктыўныя экспертныя дыскусіі на тэму міжнароднай бяспекі. А нам жыццёва неабходна сумленная гутарка і бесстароннія ацэнкі падзей, якія адбываюцца».

На мінскай пляцоўцы выказваліся самыя разнастайныя пункты гледжання, але яны не насілі ўльтыматыўнага характару і заахвочвалі да дыскусіі ў інтарэсах усеагульнай бяспекі. Яна разглядалася ў шырокім сэнсе слова: у палітыцы і ваеннай сферы, эканоміцы і інфармацыйнай галіне, тэхналогіях і фінансах. Размова ішла аб перспектыве, развіцці і пераадоленні глабальных праблем чалавецтва праз рэальныя практычныя крокі. У фокусе абмеркавання былі мір, самаарганізацыя глабальнай большасці і правілы функцыянавання шматпалярнага светаўладкавання.

У фармаце «Еўразія-плюс»

Не выклікае сумненняў, што рэха Мінскага дыялогу па бяспецы дакацілася і да заходніх сталіц. Невыпадкова выдадзены напярэдадні Мюнхенскай канферэнцыі — 2025 штогадовы экспертны даклад (Munich Security Report), які вызначае кірункі абмеркаванняў, называўся «шматпалярызацыя».

Можна канстатаваць, што, нягледзячы на іншае гучанне тэрміна («шматпалярызацыя» замест «шматпалярнасці»), аўтары даклада вымушаны прызнаваць існуючыя міжнародныя рэаліі, гэта значыць няўмольнага руху сусветнай сістэмы да шматпалярнасці. «Нават калі ступень шматпалярнасці сучаснага свету ўсё яшчэ неадназначная, „шматпалярызацыя“ свету — гэта факт... Усё большая колькасць актараў набываюць сілу, атрымліваючы магчымасць уплываць на ключавыя глабальныя пытанні», — канстатавалі заходнія эксперты.

Сёння ва ўсіх кутках планеты і ў беларускім грамадстве расце запыт на бяспеку. Мір становіцца галоўнай каштоўнасцю ў сучаснай палітычнай рэальнасці, а яго забеспячэнне — найважнейшай задачай дзяржавы. Істотны ўклад у дасягненне мэты можа ўнесці ІІІ Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы, правядзенне якой запланавана на 28-29 кастрычніка 2025 года ў фармаце «Еўразія-плюс» з прыцягненнем прадстаўнікоў іншых частак свету.

Слухаць і чуць адзін аднаго, аналізаваць і прымаць абгрунтаваныя, узаемавыгадныя рашэнні ў інтарэсах міру і бяспекі — вось алгарытм функцыянавання мінскай дыялогавай пляцоўкі.

Мікалай Бузін, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю