Top.Mail.Ru

Мінскі аўтамабільны завод перадаў камунальным службам першы айчынны электрычны смеццявоз MAZ-GTe

Адна з найноўшых мадэляў экалагічнай тэхнікі ўведзена ў доследную эксплуатацыю ТДА «Экалогія горада» — беларускага прадпрыемства, якое займае лідарскія пазіцыі на рынку комплекснага абыходжання з адходамі ў сталіцы і Мінскай вобласці.


Пытанні забруджвання атмасфернага паветра востра стаяць у свеце. Актуальныя яны і для нашай краіны. Згодна са статыстычнымі данымі, агульны аб’ём выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу за 2024 год склаў 865 тыс. т — гістарычны мінімум за апошнія пяць гадоў.

— За апошнія дзесяць гадоў дзякуючы намаганням дзяржавы, бізнесу, прадпрыемстваў і арганізацый удалося скараціць выкіды ў атмасферу больш чым на 31 тыс. т. Палова з іх — выкіды ад аўтатранспарту, — заявіў на цырымоніі перадачы электрасмеццявоза міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК. Ён падкрэсліў, што праблема выкідаў асабліва актуальная для такога мегаполіса, як Мінск: 82 % з іх — выкіды ад аўтатранспарту. Менавіта таму адным з напрамкаў развіцця дзяржавы з’яўляецца ўкараненне электратранспарту.

Кіраўнік прыродаахоўнай галіны адзначыў, што з кожным годам на вуліцах нашых гарадоў з’яўляецца ўсё больш пасажырскага электратранспарту і электрамабіляў. І той факт, што сёння электратэхніка пранікае ў сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — таму пацвярджэнне.

Паводле слоў міністра, калі ў 2017 годзе ў Беларусі налічвалася каля 70 электрамабіляў, то летась іх стала 24 тыс. Па аператыўных даных, да канца 2025 — пачатку 2026 года іх колькасць павялічыцца да 50 000.

— Мяне перапаўняе пачуццё гонару за тое, што гэта беларуская тэхніка і яе выпускае Мінскі аўтамабільны завод. Гэта інавацыйнае рашэнне рэалізавана значна больш паспяхова за кітайскія аналагі, — падкрэсліў Сяргей Масляк і асабіста ацаніў зручнасць кіравання новым электрасмеццявозам.

— Мара любога хлапчука з нашага раёна — пракаціцца на такой сур’ёзнай машыне вытворчасці МАЗ. Цяпер мара міністра спраўдзілася. У машыны плаўны ход. Да габарытаў прывыкаеш даволі хутка, добры агляд (практычна 360°), зручнае кіраванне — усе неабходныя рычагі пад рукой. Улічваючы прынятыя ў нашай краіне падыходы і напрамкі развіцця электратранспарту, перспектывы ў такой тэхналогіі вельмі вялікія, —падзяліўся ён уражаннямі.

— Гэта новая вяха ў развіцці электратранспарту. Мы запусцілі ў доследную эксплуатацыю першы электрасмеццявоз. Упэўнены, будуць і дзясятыя, і сотыя, і тысячныя. Магчыма, гэта стане сусветным трэндам, звязаным з электрыфікацыяй машынабудавання. Я ўпэўнены ў поспеху нашага праекта, — адзначыў генеральны дырэктар ААТ «МАЗ» — кіруючай кампаніі холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» Валерый ІВАНКОВІЧ.

Інавацыйная мадэль MAZ-GTe адрозніваецца шэрагам тэхналагічных пераваг: сінхронным электрарухавіком магутнасцю 150 кВт, акумулятарнай батарэяй з запасам энергіі больш за 250 кВт/г, якая забяспечвае разліковы запас ходу да 200 км. Адмысловая ўвага нададзена бяспецы і камфорту кіроўцы. Так, кабіна абсталявана сістэмай электронных люстэркаў, а відэакамеры бакавога і задняга агляду дазваляюць эфектыўна манеўраваць у абмежаванай прасторы двароў. У канструкцыі паніжаны ўваход у кабіну (усяго 37 см ад узроўню дарогі да першай прыступкі), прадугледжана магчымасць устаць у поўны рост, маецца кандыцыянер, электрападагрэў лабавога шкла і інш.

Кампанія правяла вялікую работу для дасягнення максімальнага ўзроўню лакалізацыі. Усё электраабсталяванне спраектавана і ўстаноўлена спецыялістамі МАЗ.

Плануецца, што электраспецтэхніка на працягу года будзе абслугоўваць жылы комплекс «Мінск-Мір», вывозячы другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Такі час эксплуатацыі дазваляе ацаніць, наколькі мадэль эфектыўная ў рэальных умовах, сабраць тэхнічныя даныя і вызначыць напрамкі яе далейшага ўдасканалення.

Як паведамілі ў прэс-службе МАЗа, перадача MAZ-GTe — вынік цеснага ўзаемадзеяння паміж ААТ «МАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ», Мінпрыроды і профільным аператарам. Гэта яркі прыклад таго, як прамысловасць і дзяржава аб’ядноўваюцца для агульнай мэты — зрабіць працэс сарціроўкі адходаў простым, зручным і эфектыўным, каб кожны мог унесці свой уклад у захаванне навакольнага асяроддзя і павышэнне якасці жыцця грамадзян.

Александрына ПАРШЫНА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Чытайце таксама: Як працуе новая аўтобусная вытворчасць у Мінску, раксказалі ў холдынгу «БЕЛАЎТАМАЗ»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю