У цэнтры Мінска (вул. Інтэрнацыянальная, 23) працуе незвычайны музей. Яго экспанаты — жывыя, і яны вельмі маюць патрэбу ва ўвазе. Гэта Музей ката, незвычайная арт-прастора, якая даўно стала большай, чым проста забаўкай у сумны дзень. Тут жывёл можна гладзіць, гуляць з імі і нават забраць у сваю сям’ю.
Усе насельнікі музея — ласкавыя і звыкнуліся да людзей. Яны ахвотна ідуць на рукі, даюць сябе пагладзіць і не хаваюцца ад наведвальнікаў. Аднак у кожнай жывёлы свой нораў. Напрыклад, котка Маруся — вядомая асоба дзякуючы свайму няпростаму характару: яна можа быць ветлай, але калі ёй нешта не падабаецца, дасць гэта зразумець. Наведвальнікі ведаюць Марусю як наравістую, але таму яшчэ больш абаяльную жыхарку музея.
Адмысловая гісторыя звязана з катом Пецем. З выгляду гэта самы просты чорна-белы кот, але так склалася, што ў яго сур’ёзныя праблемы з зубамі, з-за якіх ён практычна ўвесь час дыхае ротам. Язык у Пеці часта высунуты вонкі — гэта яго фізіялагічная асаблівасць, якая не перашкаджае яму весці актыўнае жыццё. Як расказала валанцёр Эвеліна, Пеця быў выратаваны ад атручэння. Коцік выжыў цудам, а за яго здароўе працаўнікі і наведвальнікі нават маліліся ў царкве. Пасля выратавання ён апынуўся ў музеі, дзе атрымаў лячэнне і догляд. Цяпер Пеця знаходзіцца ў бяспецы, і нягледзячы на вонкавыя адрозненні, ён такі ж ласкавы, як і астатнія каты.
Музей выконвае функцыю адказнага прытулку. Кожны кот, які там жыве, можа быць перададзены ў добрыя рукі. Супрацоўнікі і валанцёры падрабязна расказваюць патэнцыйным гаспадарам аб характары, звычках і стане здароўя жывёлы, а таксама паказваюць даведкі аб прышчэпках і іншых патрэбных працэдурах.
На сценах музея можна ўбачыць шмат малюнкаў, якія пакінулі наведвальнікі. Гэта не прафесійныя палотны, а шчырыя дзіцячыя і дарослыя работы — коцікі, сэрцайкі, добрыя пажаданні. Само памяшканне музея выглядае прыемна і ўтульна. Яно вее дабром — менавіта такую атмасферу адзначаюць большасць гасцей. Ад сябе хачу сказаць, што ў музеі сапраўды вельмі камфортна, прысутнічае адчуванне, што ты знаходзішся ў вельмі добрым, светлым месцы, таму што работнікі клапоцяцца не толькі аб катах, але і аб наведвальніках: кожнаму чалавеку падрыхтаваны месцы для адпачынку і вольнага часу (пазлы, крыжаванкі, сталы для творчасці), і гэта радуе кожнага.
Музей існуе на ахвяраванні і ўласнымі сіламі. Утрымоўваць дзясятак катоў — нятанна: корм, напаўняльнік, ветэрынарныя паслугі, лекі (у тым ліку для Пеці і іншых жывёл з асаблівасцямі здароўя). Арганізатары і валанцёры робяць усё магчымае, але без дапамогі неабыякавых людзей цяжка. Нават невялікае ахвяраванне або рэпост гэтага артыкула — ужо ўклад у жыццё катоў, такіх як Пеця і яго суседзі.