Top.Mail.Ru

Мінскі музычны тэатр у 2027 годзе закрыюць на рэканструкцыю

Але музы не змоўкнуць


Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр рыхтуецца да маштабнай рэканструкцыі. Аб гэтым паведаміў генеральны дырэктар «Мінскбуда» Анатоль Вядзерчык.

Праект абнаўлення цяпер знаходзіцца на этапе распрацоўкі, а да работ на пляцоўцы плануюць прыступіць у 2027 годзе. Закрыццё тэатра запланавана адразу пасля заканчэння гэтага тэатральнага сезона.

У ходзе рэканструкцыі мадэрнізуюць сцэну, глядзельныя залы, інжынерныя сеткі і сцэнічнае абсталяванне. Акрамя таго, будуць створаны дадатковыя памяшканні. «Там мадэрнізуюць сцэну, залы, інжынерныя сеткі, сцэнічнае абсталяванне. Будуць створаны нават дадатковыя памяшканні», — удакладніў гендырэктар.

Размовы аб неабходнасці абнаўлення музычнага тэатра ішлі больш за дзесяць гадоў. У 2017-м абмяркоўвалі праект чатырохпавярховай прыбудовы з боку вуліцы Клары Цэткін, паколькі артыстам не хапала службовых памяшканняў. Аднак прапанаваныя варыянты не спадабаліся ні горадабудаўнікам, ні мінчанам.

Будаўнікі зойдуць у музычны тэатр пасля завяршэння работ на іншым складаным аб’екце — Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. Яго плануюць увесці ў эксплуатацыю сёлета, нягледзячы на ўзніклыя ў працэсе складанасці. 

«Гэта помнік архітэктуры, і пры будаўніцтве там узнікалі складанасці, у тым ліку і з рэстаўрацыйнымі работамі. Было шмат інжынерных пытанняў, паколькі будынак пабудаваны даўно. Частку работ мы проста не маглі прадбачыць: канчатковае абследаванне было ўжо пасля ўскрыцця, і нюансы былі нават па фундаменце», — адзначыў генеральны дырэктар «Мінскбуда».


На час маштабных работ трупа не сыдзе ў цень — магчымым месцам часовага знаходжання артыстаў стане Палац Рэспублікі. Мастацкі кіраўнік тэатра Адам Мурзіч лічыць, што часовы пераезд — гэта нагода для новых творчых эксперыментаў: «Галоўнае, каб у нас быў вялікі будынак для штодзённай работы, каб мы яшчэ маглі нешта паставіць. Магчыма, нават на гастролі паедзем».

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр з’яўляецца візітнай карткай сталіцы. Сваю гісторыю калектыў вядзе з 1970 года, а дзверы будынка ўпершыню расчыніліся 15 кастрычніка 1981 года знакамітай аперэтай «Лятучая мыш». Абноўлены музычны тэатр вернецца да свайго гледача яшчэ больш камфортным і тэхналагічным.

Ягор ЧУРЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю