Мінскі школьнік не хацеў арышту бацькоў, таму аддаў ашуканцам больш за Br19 тыс., паведамілі БелТА ў ГУУС Мінгарвыканкама.
На лінію 102 звярнулася жыхарка Савецкага раёна сталіцы і расказала, што яе 11-гадовы сын стаў ахвярай ашуканцаў. Школьнік у інтэрнэце пазнаёміўся нібыта з аднагодкам. У ходзе размовы новы знаёмы папрасіў даслаць геалакацыю «для сустрэчы». Як толькі дзіця адправіла паведамленне, з ім звязаўся невядомы і папярэдзіў, што хлопчык нібыта перадаў свае даныя ашуканцам і яго сям’я ў небяспецы. Далей непаўналетняму паступіла паведамленне ад ілжэследчага, які запалохаў дзіця крымінальнай адказнасцю і пагражаў арыштам бацькоў. Каб сям’я не пацярпела, хлопчык пакінуў пад аркай жылога дома больш за Br19 тыс. у эквіваленце, якія захоўваліся ў кватэры.
Праваахоўнікі высветлілі, што грошы забрала 64-гадовая пенсіянерка і перадала пасрэдніку. Жанчына сама стала ахвярай падману: паверыла лжэсупрацоўніку дамафоннай службы, прадыктавала асабістыя звесткі, а потым пагадзілася ўдзельнічаць у «спецаперацыі».
Па гэтым факце праводзіцца праверка.
У міліцыі нагадалі, што супрацоўнікі праваахоўных органаў, банкаўскіх і іншых устаноў не тэлефануюць і не пішуць грамадзянам у месенджарах. Калі невядомыя па тэлефоне патрабуюць здзейсніць якія-небудзь маніпуляцыі з фінансамі (задэклараваць, пакласці на бяспечны рахунак, аддаць кур’еру) — неадкладна спыніце размову і паведаміце пра гэта ў міліцыю. «Бацькі, папярэдзьце дзяцей, каб пры паступленні падобных званкоў і паведамленняў яны адразу расказвалі вам», — дадалі ў ведамстве.