Top.Mail.Ru

Мінскія дынамаўцы абыгралі «Спартак» на старце сезона КХЛ

Хакеісты мінскага «Дынама» з перамогі стартавалі ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамляе БелТА.



Першым сапернікам падапечных Дзмітрыя Квартальнава ў сезоне-2025/26 стаў «Спартак», паядынак прайшоў у Маскве. Дэбютнага гола «зуброў» балельшчыкі чакалі восем з паловай хвілін: капітан мінчан Андрэй Стась адабраў шайбу ў чужой зоне і з нязручнай рукі выклаў перадачу на Сяргея Кузняцова, які не прамахнуўся. Усяго праз 40 секунд госці падвоілі перавагу — дакладны кідок пад перакладзіну нанёс навічок сталічнага клуба амерыканец Алекс Лімож.

У сярэдзіне другой трэці дынамаўцы ўпершыню апынуліся ўпяцёх супраць чацвёркі масквічоў і гэтым шанцам скарысталіся — большасць рэалізаваў Сэм Энас. У наступным жа нападзе «зуброў» чужыя вароты паразіў Ягор Борыкаў, аднак яго шайба была адменена з-за становішча «па-за гульнёй». Апошнюю пяціхвілінку перыяду «зубры» правялі ў меншасці пасля парушэння Вадзіма Шыпачова, але выстаялі.

У заключным адрэзку лічбы на табло не змяніліся, «Дынама» пачало сезон з «сухой» перамогі — 3:0. Галкіпер мінчан Зак Фукале аформіў шатаўт у першай афіцыйнай гульні за каманду, адбіўшы 28 кідкоў. 

Выязная серыя «зуброў» працягнецца 11 верасня матчам супраць «Нафтахіміка». Паядынак у Ніжнякамску стартуе ў 19:30.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю