Хакеісты мінскага «Дынама» сёння правядуць другі і заключны матч дамашняй міні-серыі ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамляе БелТА.
Сапернікам падапечных Дзмітрыя Квартальнава будзе «Нафтахімік» з Ніжнякамска. У папярэднім матчы на родным лёдзе «зубры» разграмілі ніжагародскае «Тарпеда» з лікам 7:1, гэтая перамога стала для мінчан самай буйной у бягучым сезоне. Калектыў з Татарстана пачаў месяц з пяці паражэнняў запар, і толькі 15 кастрычніка перапыніў няўдалы адрэзак, абыграўшы СКА ў серыі булітаў (3:2).
На дадзены момант «Нафтахімік» з 17 ачкамі ідзе сёмым ва Усходняй канферэнцыі, «Дынама» займае пятае месца на Захадзе, набраўшы на бал больш. У гэтым сезоне каманды сустракаліся ў Ніжнякамску 11 верасня: тады сталічны клуб вёў з лікам 3:0, але ўпусціў лідарства і ў выніку прайграў — 3: 4. Другая ў сезоне сустрэча «зуброў» з «ваўкамі» стартуе на «Мінск-Арэне» ў 19.10.