Штучны інтэлект будзе дапамагаць мінскім урачам-рэнтгенолагам апрацоўваць велізарныя масівы даных, паведаміла журналістам дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пульманалогіі і фтызіятрыі, галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена Краткова, паведаміла БелТА.
«Будучыня нашай службы будуецца на трох ключавых кірунках: лічбавізацыя, прэвентыўная медыцына і персаналізацыя лячэння. Першы кірунак — гэта ўкараненне тэхналогій штучнага інтэлекту», — сказала Алена Краткова.
Паводле яе слоў, пачынаючы з сярэдзіны 2026 года, будзе рэалізоўвацца праект па выкарыстанні штучнага інтэлекту на базе ўстаноў горада Мінска пры правядзенні лічбавых рэнтгеналагічных даследаванняў органаў грудной клеткі.
«Штучны інтэлект павінен стаць нашым надзейным асістэнтам. Навучаныя нейрасеткі дапамогуць урачу-рэнтгенолагу не прапусціць мінімальныя паталагічныя змены, апрацаваць велізарныя масівы даных у максімальна кароткія тэрміны. Гэта вельмі важна, асабліва калі праводзяцца масавыя прафілактычныя агляды», — патлумачыла дырэктар цэнтра.
У далейшым выкарыстоўваць штучны інтэлект плануецца для павышэння дакладнасці дыягностыкі і эфектыўнасці скрынінгу ва ўсіх рэгіёнах краіны.