Top.Mail.Ru

Мінскія школы рыхтуюцца сустрэць 220 тысяч вучняў, з іх 19 тысяч — першакласнікаў

Каб на вучобу — як на свята

У сталіцы завяршаецца падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Сёлета на правядзенне капітальнага і бягучага рамонту школ і дзіцячых садкоў выдзелена больш за 100 мільёнаў рублёў. Аб гэтым падчас маніторынгу гатоўнасці ўстаноў сярэдняй адукацыі расказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй СТРЫГЕЛЬСКІ.

«Літаральна ўсе ўстановы адукацыі ахопленыя альбо капітальным, альбо бягучым рамонтам. Абнаўляецца тэхналагічнае абсталяванне, рыхтуюцца спартыўныя і актавыя залы, навучальныя кабінеты», — падкрэсліў намеснік старшыні Мінгарвыканкама.

Асобны акцэнт — на школьныя стадыёны і спартыўныя пляцоўкі. У горадзе дзейнічае мэтавая праграма, дзякуючы якой сёлета комплексна прывялі ў парадак 16 аб'ектаў.

Канчатковы тэрмін гатоўнасці ўсіх школ — 15 жніўня. Прыёмку праводзіць спецыяльная камісія, у якую ўваходзяць прадстаўнікі санітарных службаў, МНС, упраўлення адукацыі і адміністрацый раёнаў. Вынік — пашпарт гатоўнасці школы, які пацвярджае, што ўмовы для навучання бяспечныя і камфортныя.

Мультымедыйныя дошкі, цірі пуфікі ў холе 

Капітальны рамонт сярэдняй школы № 81 імя М. М. Альшэўскага пачаўся яшчэ ў верасні 2025 года. За 11 месяцаў тут практычна з'явіўся новы будынак.

«Пераабсталявана ўсё, акрамя сцен, а ўсё астатняе новае. Засталася толькі зборка мэблі. Да 1 верасня будзем гатовыя», — расказала дырэктар школы Юлія Красуцкая.

На тэрыторыі ўстановы з'явіліся новыя спартыўныя пляцоўкі: футбольнае поле, дзве пляцоўкі для гульнявых відаў спорту і хакейная. Праектная магутнасць будынка — 967 вучняў.

Андрэй Стрыгельскі адзначыў, што з капітальнага рамонту таксама выходзіць корпус пачатковай школы пятай гімназіі. Фактычна гэта новы аб'ект: ад інжынерных сетак да мэблі — усё заменена.

Асаблівая ўвага была ўдзелена 180-й школе імя Уладзіміра Ермака. Яна функцыянуе з 1987 года і сёлета, напярэдадні свайго юбілею, набыла новы эстэтычны выгляд. На сёння гатоўнасць установы складае больш за 80 %.

Дырэктар школы Наталля Нарбунтовіч расказала, што работы праводзіліся па некалькіх кірунках. Абноўлены навучальныя кабінеты, закуплена новая мэбля, мяккая мэбля для холаў і рэкрэацый — з'явіліся камфортныя канапы і пуфікі. Для дзяцей абнавілі тэматычныя стэнды-экспазіцыі.

«Асабліва ўсе ў чаканні абноўленай спартыўнай залы. Яна будзе вельмі эстэтычна прыгожа аформлена, зручная і, самае галоўнае, бяспечная», — адзначыла дырэктар.

Акрамя таго, у школе з'явіцца цір — апошнія работы ўжо завяршаюцца. А падвал, які раней не выкарыстоўваўся, пераабсталявалі ў прасторны гардэроб, што значна палепшыць умовы для захоўвання вопраткі вучняў.

У гімназіі № 30 імя Героя Савецкага Саюза Б. С. Акрэсціна рамонтныя работы пачаліся 15 чэрвеня — адразу пасля выпускнога вечара. На сёння ўсе буйныя работы завершаны, засталася фінішная ўборка і невялікія даробкі.

Дырэктар гімназіі Вольга Марынюк расказала, што ў гэтым годзе з'явіўся абсалютна новы кабінет грамадазнаўства — з сучаснай мэбляй, мультымедыйнымі дошкамі, інтэрактыўнымі зонамі і камп'ютарамі.

«Гэта не проста пластык на сцяне, гэта мультымедыйныя дошкі, камп'ютары, гэта шмат абсталявання, каб дзеці маглі вывучаць прадмет з цікавасцю», — адзначыла яна.

Абноўлены хол і лесвіца, на другім паверсе з'явіліся інтэрактыўныя кубы, якія адлюстроўваюць пяць стратэгічных задач установы: развіццё тэатра, медыястудыі, ваенна-патрыятычных клубаў і іншых кірункаў.

Змены закранулі і сістэму бяспекі: устаноўлены электрамагнітныя замкі на кожныя дзверы, новыя счытвальнікі для картак доступу. Колькасць камер відэаназірання павялічана да 39.

У гімназіі будуць навучацца 1053 вучні, з іх 78 першакласнікаў — тры класы па 26 чалавек.

Тысяча маладых спецыялістаў

У новым навучальным годзе за парты сядуць больш за 220 тысяч дзяцей. Чакаецца каля 19 тысяч першакласнікаў. Ім — асаблівая ўвага.

«Малыя заўсёды патрабуюць асаблівага падыходу: патрэбны перыяд адаптацыі, камфортныя ўмовы, спальныя месцы, добрыя, утульныя, ярка аформленыя кабінеты. І ўсё гэта зроблена», — падкрэсліў Андрэй Стрыгельскі.

Горад укамплектаваны і якаснымі педагагічнымі кадрамі. 

З 1 верасня чакаюць каля 1000 маладых спецыялістаў — выпускнікоў педагагічных ВНУ і каледжаў. Яны ўжо прыходзяць у школы і дзіцячыя садкі і прыступаюць да працы.

Надзея ЗУЕВА

Фота Ксеніі ЛІННІК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю