Мінск па традыцыі адзначыць Дзень горада ў другую суботу верасня — сталіцы споўніцца 959 гадоў. Аб праграме святочных мерапрыемстваў расказала начальнік упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Кацярына Лучына падчас аператыўнай нарады ў Мінгарвыканкаме, перадае БелТА.
Кацярына Лучына адзначыла, што мінчан і гасцей сталіцы чакае вялікая святочная праграма. Адной з яе падзей стане Мінскі паўмарафон, які пройдзе 6 верасня. «На сённяшні дзень запланаваны ўдзел больш за 20 тыс. чалавек. Месцы старту і фінішу застануцца ранейшымі. Старт будзе дадзены каля стадыёна «Дынама», з боку вуліцы Кірава, а фініш адбудзецца на лёгкаатлетычным ядры стадыёна «Дынама». Падчас Мінскага паўмарафону падрыхтавана і культурна-забаўляльная праграма, а таксама будуць працаваць пляцоўкі праекта «Спорт для ўсіх», — расказала начальнік упраўлення культуры.
11 верасня, у сталіцы будуць ушаноўваць пераможцаў конкурсу «Мінскі майстар». Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел больш за 1,8 тыс. работнікаў. Вызначаны 48 пераможцаў, 15 з іх — работнікі ва ўзросце да 33 гадоў.
У Дзень горада святкаванне пачнецца ў 10.00 з ускладання кветак да абеліска «Мінск — горад-герой». Пасля гэтага па ўсёй сталіцы пачнуць работу тэматычныя пляцоўкі. Так, у парку Перамогі адбудуцца міжнародныя спаборніцтвы «Наймацнейшы пажарны-выратавальнік». «У іх возьмуць удзел больш за 100 работнікаў гэтай сферы, у тым ліку прадстаўнікі Расіі, Сербіі і В’етнама», — адзначыла спецыяліст.
Не абыдзецца і без упадабанай мінчанамі пляцоўкі «Мінск старажытны», якая сёлета зноў разгорнецца на зялёнай зоне ў раёне праспектаў Пераможцаў і Машэрава.
Асноўная гарадская пляцоўка — тэрыторыя каля Палаца спорту — будзе працаваць з 12.00 да 23.00. «Падрыхтавана цікавая канцэртная праграма з удзелам прафесійных артыстаў, у тым ліку маладых пераможцаў розных конкурсаў і праектаў. І, вядома, мы рыхтуем для мінчан сюрпрыз. Плануецца выступленне хэдлайнера. Пазней мы аб'явім, хто гэта будзе», — расказала Кацярына Лучына.
У Верхнім горадзе ўжо трэці год запар будуць ушаноўваць пераможцаў конкурсу «Мінчанін года». «У 18.30 мы ўзнагародзім лепшых у розных сферах — ахове здароўя, культуры, спорце, будаўніцтве і іншых», — падзялілася начальнік упраўлення культуры.
Святочныя пляцоўкі будуць працаваць і ў кожным раёне Мінска. Кацярына Лучына адзначыла, што ў асноўным яны размесцяцца ў паркавых зонах. Сёлета будзе каля 15 пляцовак. Будуць арганізаваны кірмашы, канцэртныя і спартыўныя мерапрыемствы і многае іншае.
Святочным завяршэннем дня стане феерверк. Атрымаць асалоду ад іх можна будзе ў 23.00 каля Палаца спорту.