Цэнтрам моладзі Беларусі — 2026 стала сталіца краіны. Старт гэтага праекта быў дадзены на канцэрце ў Доме моладзі, у якім прынялі ўдзел маладзёжныя арганізацыі, студэнты, патрыятычныя клубы і працоўныя калектывы з усёй краіны. Нагадаем, такі праект праводзіцца штогод з 2016 года.
«Мы зробім усё магчымае, каб гэты год кожны дзень праходзіў пад знакам «Маладзёжнай сталіцы»
Як падкрэсліў на старце мерапрыемства Аляксандр КАДЛУБАЙ, намеснік міністра адукацыі, такі статус — гэта пэўны сімвал у развіцці Мінска, ён падкрэслівае важнасць і значнасць з якой адносяцца да моладзі ў краіне. «Мінск — маладзёжная сталіца» гэта імкненне моладзі стварыць унікальную прастору, дзе кожны малады чалавек мог бы знайсці сябе, рэалізаваць свае пачынанні і ўнесці ўклад у развіццё Радзімы. Таксама намеснік міністра падзякаваў папярэдняй «сталіцы» — Гомелю — за яркую і аўтарскую працу ў гэтай ролі.
На працягу двух дзён у сталіцы будуць працаваць маладзёжныя і дыскусійныя пляцоўкі, праходзіць сустрэчы са спікерамі. Але гэта толькі пачатак — на працягу ўсяго года Мінск будзе цэнтрам маладзёжнага руху краіны.
Старшыня Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір ПРЫВАЛАЎ, перадаючы сімвалічны ключ Мінску, расказаў, што для яго горада было асаблівым гонарам прымаць тытул маладзёжнай сталіцы. Моладзь Гомеля адкрыла новыя магчымасці для рэалізацыі сваіх амбіцыйных планаў. «Няхай гэты ключ адкрые яшчэ больш новыя гарызонты і магчымасці для рэалізацыі ўсіх самых лепшых крэатыўных, ініцыятыўных планаў», — пажадаў поспехаў сталіцы мэр Гомеля.
Уладзімір КУХАРАЎ, старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, адзначыў, што сённяшняя падзея — даніна павагі моладзі Мінска, яе многім пакаленням, якія стварылі сучаснае аблічча горада. Моладзь сталіцы вартая гэтага тытула. «Няпроста будзе ўтрымаць тую планку, паднятую іншымі гарадамі, але мы зробім усё магчымае, каб гэты год кожны дзень праходзіў пад знакам «Маладзёжнай сталіцы».
Моладзь сталіцы — крэатыўная, прафесійная і ўмее дасягаць мэт. Гэта падкрэслілі выступленні шматлікіх творчых калектываў, якія адлюстроўваюць рознастароннасць моладзі Мінска. На сцэне свае акцёрскія навыкі паказалі каманды ўніверсітэтаў, навучэнцы спартыўных секцый і арганізацый, а таксама пераможцы прафесійных конкурсаў «Мінскі майстар», «Супер профі» і «Найлепшы малады спецыяліст». У сваіх песнях і харэаграфіі яны расказалі пра працавітасць, патрыятызм, наказвалі ісці да сваіх мэт і ідэй, не забываць пра сяброў і калег, а таксама дапамагаць блізкім.
Моладзь 2026 года вартая свайго часу
Пасля канцэрта таксама была закладзена маладзёжная капсула памяці і дадзены старт добраўпарадкаванню сквера Талбухіна. Першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Аляксей ПІКУС, вітаючы гасцей, нагадаў, што ў краіне прымаюцца ўсе меры для падтрымкі моладзі — рэалізуюцца ініцыятывы, будуюцца адукацыйныя і спартыўныя комплексы.
Адна з такіх ініцыятыў — маладзёжны сквер. Бульвар Талбухіна — гістарычнае месца для горада і краіны — пункт для сустрэчы жыхароў горада, брацкая магіла часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пры падтрымцы горада быў дадзены старт рэканструкцыі, каб сквер стаў яшчэ больш моцным месцам прыцягнення гараджан.
Перад закладкай капсулы часу сталічныя хлопцы і дзяўчаты — ад «акцябронка» да члена рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» — зачыталі тэкст паслання будучым пакаленням: «Мы жадаем будучыні мірнага неба над галавой, беражлівага стаўлення да сталіцы, павагі да мацярынства і жанчын. Няхай адвага і праца нашага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны будзе прыкладам для вас, а Мінск усё гэтак жа застаецца горадам крэатыўных і стваральных людзей».
Аляксандр ПЯТРОЎСКІ
Фота Віктара ДРАЧОВА