Новы атракцыён з’явіцца ў парку імя Горкага ў сярэдзіне сезона. Пра гэта ў прэс-цэнтры БелТА паведаміў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер УП «Мінскзелянбуд» Руслан Касевіч.
«Летась мы закончылі рэканструкцыю парку Горкага. Быў абноўлены знешні выгляд усіх гандлёвых павільёнаў, на набярэжнай з’явілася чатыры новыя кафэ. З боку вуліцы Першамайскай у парку пабудаваны вялікі дзіцячы гульнявы комплекс, які карыстаецца папулярнасцю ў нашых жыхароў. Таксама была добраўпарадкавана зона адпачынку каля вадаёма. Штогод мы стараемся абнаўляць парк атракцыёнаў, летась мы закупілі атракцыён „Пажарная каманда“, а сёлета атракцыёны „Ружовы слон“ і „5Д“ з парку імя Уга Чавеса пераехалі ў парк Горкага. Зараз прапрацоўваецца пытанне па закупцы новага атракцыёну, чакаем яго пастаўку ў сярэдзіне сезона. Які менавіта атракцыён чакае мінчан, пакуль пакінем у сакрэце», — расказаў галоўны інжынер.
Таксама, са слоў Руслана Касевіча, сёлета вядзецца чацвёртая чарга будаўніцтва парку імя Уга Чавеса. «Парк мае спартыўную накіраванасць. Так, у парку пабудавалі хакейную пляцоўку, пляцоўкі для заняткаў валейболам, пляжным валейболам, стрытболам, міні-футболам. На тэрыторыі размяшчаюцца лыжаролерная траса, варкаўт-пляцоўкі, зоны з трэнажорамі», — адзначыў ён.
Намеснік генеральнага дырэктара УП «Мінскзелянбуд» таксама нагадаў, што адказнасць за дзяцей на тэрыторыі дзіцячых гульнявых комплексаў у парках і скверах нясуць бацькі. «У цяперашні момант прыводзяцца ў належны стан пешаходныя дарожкі, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, пясочніцы. Перад тым, як карыстацца гульнявымі комплексамі для дзяцей, неабходна азнаёміцца з правіламі карыстання, якія размешчаны на інфармацыйным стэндзе ля кожнай гульнявой пляцоўкі», — дадаў ён.