Мінулае і сучаснасць — нібы адна вуліца, на якой мы ўсе жывём. Тут узводзяць новыя дамы, гледзячы на старыя будынкі, згадваюць пражытае. Працягваецца і шырыцца гэта вуліца з году ў год, і называць яе можа кожны па-свойму. Але існуюць і агульныя імёны — сведкі нашай агульнай історыі.

Генерал-лейтэнант К. Дзеравянка 2 верасня 1945 года прыбыў на амерыканскі лінкар «Місуры» і ад імя савецкага Вярхоўнага галоўнакамандуючага разам з прадстаўнікамі саюзных дзяржаў падпісаў акт капітуляцыі імперыялістычнай Японіі. Згодна з указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 3 верасня было абвешчана ўсенародным святам перамогі над мілітарысцкай Японіяй. Так афіцыйна завяршылася Другая сусветная вайна. У баявых аперацыях савецка-японскай вайны 1945 года разам з воінамі іншых нацыянальнасцяў актыўна ўдзельнічалі беларусы, там змагаліся больш як 64 тысячы нашых землякоў. Сярод іх былі адзначаныя і званнямі Героя Савецкага Саюза, ордэнамі і медалямі.
Невыпадкова, назва 3 Верасня дадзена адной з мінскіх вуліц пасля вайны. Цяпер арыенцірам для тых, хто шукае гэту лакацыю, з’яўляецца станцыя метро «Маладзёжная», дом № 1 стаіць побач з новым вялізным кітайскім басейнам (гэтыя каардынаты бачацца вельмі сімвалічнымі ў размове пра час і гісторыю).

Вуліца 3 Верасня — адна з многіх у Мінску, дзе ўтульна суседнічаюць прыкметы мінулага і сучаснага. На адным баку вуліцы — новыя шматпавярховыя будынкі, на супрацьлеглым — прыватныя драўляныя. Не сказаць, каб аўтамабільны рух выглядаў тут ажыўленым, але да старэнькіх дамоў сярод садовых дрэў і да вялікіх новых з вітрынамі і рэкламнымі шыльдамі зноў і зноў падкатваюць прыватныя ці службовыя аўто. Новабудоўляў не бачна, забудаванасць тут дастаткова шчыльная — ціхая, у мінулым ускраінная вуліца сёння суседнічае з шырокімі і ажыўленымі сталічнымі магістралямі.
Расповед пра мінскую вуліцу імя 3 Верасня і падзеі, якія ў свой час далі ёй такую назву, дапаўняюць здымкі. На фота можна ўбачыць гістарычную працэдуру падпісання савецкім прадстаўніком акта капітуляцыі Японіі ў верасні 1945 года, як выглядае медаль, устаноўлены пасля гэтай перамогі, і ўнікальная памятная юбілейная манета Дзяржбанка Расіі. Астатнія здымкі — своеасаблівы сённяшні партрэт вуліцы з гістарычнай назвай.




Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара