Top.Mail.Ru

Мінулы спартыўны тыдзень прайшоў пад знакам адзінаборстваў

Беларусы — наймацнейшыя

На мінулым тыдні адзін з найважнейшых іспытаў гэтага сезона здавалі барцы — у Заграбе прайшоў чэмпіянат свету па барацьбе. У актыве беларусаў — два бронзавыя медалі. Першы заваяваў барэц грэка-рымскага стылю Павел Глінчук, які выступае ў самай цяжкай вагавой катэгорыі да 130 кг. Падчас турніру ён перамог грузіна Сулхана Буідзэ, армяніна Разміка Курдзяна і Мухамета Бакіра з Турцыі, але ў паўфінале мінімальна саступіў венгру Дарыусу Вітэку. У паядынку за трэцяе месца Павел не пакінуў шанцаў украінцу Мікалаю Кучмію. Для Паўла Глінчука «бронза» чэмпіянату свету — поспех, да гэтага яго самым значным дасягненнем было «золата» маладзёжнага чэмпіянату свету 2023 года.

«Няхай гэта бронзавая ўзнагарода стане толькі пачаткам твайго зорнага шляху да заваявання самых жаданых спартыўных вышынь, а наша школа барацьбы працягне гучна заяўляць пра сябе на сусветнай арэне. Цябе падтрымлівае ўся Беларусь! Здароўя і натхнення на новыя здзяйсненні», — адзначыў у віншаванні прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка.

Бронзавым прызёрам чэмпіянату свету стаў яшчэ адзін «класік» — Кірыл Маскевіч, які выступае ў катэгорыі да 97 кг. Падчас спаборніцтваў ён адолеў прызёраў кантынентальных форумаў фіна Арві Савалайнена і ўкраінца Уладлена Казлюка, а таксама чэмпіёна свету 2023 года кубінца Габрыэля Расільё. У паўфінале Маскевіч саступіў алімпійскаму чэмпіёну Махамадхадзі Сараві з Ірана. Сапернікам беларуса ў паядынку за «бронзу» стаў грузін Георгій Мелія, схватка скончылася перамогай нашага спартсмена. Для Кірыла Маскевіча гэта не першы медаль чэмпіянату свету, у 2021 годзе ён быў сярэбраным прызёрам.

«Ты зноў пацвердзіў, што з’яўляешся адным з лідараў сярод найлепшых атлетаў свету. Твой талент, штодзённая праца і дысцыпліна, сапраўдны барцоўскі дух і характар пры падтрымцы вопытных настаўнікаў прывялі цябе да гэтага поспеху, дазволіўшы атрымаць датэрміновую перамогу ў паядынку за «бронзу», — сказана ў віншаванні кіраўніка НАК Беларусі.

На мінулым тыдні адзначыліся і самбісты, якія выступалі на Кубку свету ў Душанбэ. У катэгорыі да 59 кг у жаночым баявым самба Лізавета Лапаева заваявала сярэбраны медаль. Такі ж медаль у катэгорыі да 80 кг заваявала Валерыя Хрушчова. Сярэбраным прызёрам у катэгорыі да 80 кг стала таксама наша Карына Шут. Бронзавыя ўзнагароды ўзялі Ілья Ламіваротаў (да 79 кг) і Аляксандр Круглік (да 88 кг).

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю