Першы жнівеньскі тыдзень у графіку Прэзідэнта быў разнастайным на тэмы і вельмі насычаным. Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклады міністраў сельскай гаспадаркі і па надзвычайных сітуацыях і губернатара Гродзенскай вобласці, правёў вялікую нараду па стварэнні «ўніверсітэта будучыні», сустрэўся з дзяржаўным міністрам Алжыра, здзейсніў рабочую паездку ў Вілейскі раён...
Сабралі меркаванні аб некаторых момантах багатага на падзеі тыдня.
«Акадэмія інтэлектуальных тэхналогій — шанц атрымаць адукацыю сусветнага ўзроўню»
4 жніўня ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, у ходзе якой былі абмеркаваны пытанні стварэння новай ВНУ — Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў навучальную ўстанову павінны прыходзіць самыя таленавітыя дзеці. І трэба зрабіць усё, каб яны не з’язджалі за мяжу, а працавалі на карысць сваёй краіны.
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшыня Гомельскага райвыканкама Аляксандр Новікаў, які мае працяглы вопыт работы ў рэальным сектары эканомікі, адзначыў, што на сённяшні дзень запатрабаваныя інжынеры даследчага профілю — спецыялісты, якія спалучаюць навыкі эксплуатацыі абсталявання з кампетэнцыямі ў галіне распрацоўкі і ўкаранення новых тэхналагічных рашэнняў.

«Думаю, Акадэмія інтэлектуальных тэхналогій вырашыць гэтую задачу. Прэзідэнт задаў планку: 150 чалавек за год, толькі найлепшыя розумы з усёй краіны. І, заўважце, акцэнт на практычным выніку — на тым, што можна ўкараніць на заводзе ўжо заўтра», — адзначыў сенатар.
Асобны акцэнт парламентарый зрабіў на значнасці новай ВНУ для Гомельшчыны. У рэгіёне сканцэнтраваныя прадпрыемствы машынабудавання, металургіі, хімічнага комплексу. Каб гэтыя галіны развіваліся, патрэбны кваліфікаваныя кадры.
«Акадэмія будзе рыхтаваць спецыялістаў па штучным інтэлекце, новых матэрыялах, квантавых тэхналогіях.
У хлопцаў не толькі з абласных цэнтраў, але і з глыбінкі будзе шанц атрымаць адукацыю сусветнага ўзроўню на сваёй Радзіме. Мы павінны зрабіць усё, каб яны потым вярнуліся на свае прадпрыемствы ўжо спецыялістамі», — падкрэсліў Аляксандр Новікаў.
«Перспектыўны партнёр, здольны падтрымаць прамысловыя амбіцыі»
У чацвер Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з дзяржаўным міністрам, міністрам замежных спраў, па справах нацыянальных абшчын за мяжой і афрыканскіх спраў Алжыра Ахмедам Атафам.
Убачыць перспектыву, прыйсці да пагаднення, не адкладаючы на доўгі час, рэалізаваць і намеціць наступныя крокі — у гэтым, паводле слоў Прэзідэнта, заключаецца філасофія супрацоўніцтва з гэтай паўночнаафрыканскай краінай. Не пакінулі гэтую сустрэчу па-за ўвагай і беларускія СМІ, піша ТГ-канал «Пул Першага».
Турэцкае выданне «Анадолу», у прыватнасці, адзначала: «Беларусь і Алжыр імкнуцца пашырыць эканамічнае супрацоўніцтва... Прэзідэнт Беларусі заклікаў да паскарэння ў рэалізацыі пагадненняў, заявіўшы, што канкрэтныя праекты могуць закласці аснову для далейшага развіцця двухбаковых адносін і адкрыць новыя магчымасці для супрацоўніцтва. Ён ахарактарызаваў гэта як сваё бачанне „філасофіі“ адносін паміж Мінскам і Алжырам».
Алжырскае медыя Аlgerіa Gate пісала: «У перыяд дыверсіфікацыі міжнародных партнёрскіх сувязяў Беларусь для Алжыра стала перспектыўным партнёрам, здольным падтрымаць прамысловыя амбіцыі і дыверсіфікацыю эканомікі. Гэты візіт уяўляе сабой яшчэ адзін крок да пабудовы прагматычнага партнёрства, заснаванага на ўзаемных інтарэсах і агульных мэтах развіцця».
«Стыль Прэзідэнта — асабіста кантраляваць стратэгічна значныя пытанні»
У пятніцу Прэзідэнт працаваў у Вілейскім раёне. У цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы было не адно пытанне, але найперш размова зайшла пра ўборачную кампанію, як, дарэчы, заходзіць яна ў гэты гарачы для хлебаробаў час у кожнай паездцы Прэзідэнта. Заўсёды Аляксандр Лукашэнка выказваецца дасведчана і эмацыйна, відаць, што гэта яго хвалюе, што ён прапускае ўсё праз сябе.

«Так адбываецца на працягу ўсіх гадоў прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, — адзначыў у ток-шоу „Будні“ ў эфіры „Альфа-радыё“ член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі. — Натуральна, у перыяд уборачнай кампаніі гэтыя пытанні знаходзяцца ў фокусе прыярытэтнай увагі кіраўніка дзяржавы, які не проста назірае за імі, а асабіста кантралюе стан спраў. Гэта важна — самастойна ўнікаць і кантраляваць. І тут у Аляксандра Лукашэнкі можна толькі павучыцца гэтаму. Гэта не значыць, што ён грэбуе працай з дакументамі, дакладамі ці не давярае сваім падначаленым. Але стыль Прэзідэнта — асабіста кантраляваць стратэгічна значныя пытанні. Уборачная кампанія ў нашай краіне — стратэгічна значнае пытанне. Знаходзячыся ў зоне рызыкоўнага земляробства, мы забяспечваем уласную харчовую бяспеку. І менавіта дзякуючы гэтаму Беларусь з’яўляецца значным гульцом на сусветным рынку харчавання. За мінулы год мы экспартавалі прадуктаў харчавання і сельгассыравіны на 10 мільярдаў долараў. Дасягненне такога паказчыка стала магчымым менавіта дзякуючы персанальнай увазе і кантролю з боку Прэзідэнта. Гэта падганяе і іншых адказных чыноўнікаў сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязкаў».