Top.Mail.Ru

Мінюст растлумачыў нюансы засведчання раўназначнасці электронных і папяровых дакументаў

У Беларусі са студзеня 2026 года даступна такое натарыяльнае дзеянне, як засведчанне раўназначнасці электроннага дакумента дакументу на папяровым носьбіце і раўназначнасці дакумента на папяровым носьбіце электроннаму дакументу. Больш падрабязна аб гэтым расказала намеснік начальніка ўпраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Алена Ашурка ў час адкрытай трансляцыі вэбінара «Навацыі ў заканадаўстве аб натарыяце для суб’ектаў гаспадарання» на YouTube-канале Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі, паведамляе БелТА.



Новае натарыяльнае дзеянне замацавана законам ад 9 снежня 2025 года нумар 110-З «Аб змяненні законаў па пытаннях натарыяльнай дзейнасці». «Законам уведзена новае натарыяльнае дзеянне — засведчанне раўназначнасці электроннага дакумента дакументу на папяровым носьбіце і наадварот. Дарэчы, правядзенне такога натарыяльнага дзеяння вельмі распаўсюджана ў Расійскай Федэрацыі. Шырока прымяняецца ў тым ліку за кошт магчымасці хуткай перадачы дакумента ў любую кропку краіны», — адзначыла Алена Ашурка.

Укараненне ў кампетэнцыю натарыусаў у Беларусі такога віду натарыяльнага дзеяння рэкамендавана Міжпарламенцкай асамблеяй дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Новаўвядзенне ўжо даступна і грамадзянам, і суб’ектам гаспадарання. Гэта дазваляе сфарміраваць партфель сапраўдных дакументаў у электронным выглядзе для далейшага захоўвання, выкарыстання, у прыватнасці ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур праз партал Е-Паслуга.

Намеснік начальніка ўпраўлення растлумачыла, што, у прыватнасці, стварэнне электроннага дакумента для засведчання яго раўназначнасці дакументу на папяровым носьбіце ажыццяўляецца натарыусам шляхам адлюстравання электроннага вобраза дакумента на папяровым носьбіце і падпісання яго электронным лічбавым подпісам. Але ёсць абмежаванні: не дапускаецца засведчанне раўназначнасці адносна здзелак, заключаных у простай пісьмовай форме, а таксама дакументаў, якія засведчваюць асобу, напрыклад пашпарты, ID-карткі.

«У законе ўстаноўлена, што створаны натарыусам дакумент мае тую ж юрыдычную сілу, што і дакумент, раўназначнасць якому засведчана натарыусам. Іншымі словамі, засведчанне раўназначнасці — такое натарыяльнае дзеянне, якое пацвярджае, што электронны дакумент і яго папяровая версія маюць абсалютна аднолькавую юрыдычную сілу і ідэнтычны змест», — адзначыла Алена Ашурка.

Па засведчанне раўназначнасці можа звярнуцца любая асоба: грамадзянін, прадстаўнік юрыдычнай асобы, прычым ён можа не з’яўляцца ўладальнікам гэтага дакумента, заўважыла намеснік начальніка ўпраўлення. Гэта працэдура, паводле яе слоў, дазваляе пераводзіць дакументы з аднаго фармату ў другі без страты іх сапраўднасці, што само па сабе зручна.

Прадаўжаючы пералічваць перавагі, Алена Ашурка адзначыла, што выключаецца неабходнасць перадаваць папяровы арыгінал, а значыць, перажываць за яго захаванасць. Можна сфарміраваць свой уласны пакет дакументаў у электронным выглядзе для яго захоўвання і выкарыстання.

Па ажыццяўленне гэтага натарыяльнага дзеяння ўжо актыўна звяртаюцца прадстаўнікі юрыдычных асоб, грамадзяне. Тыя, для каго гэта норма застаецца менш зразумелай, могуць пракансультавацца ў любога натарыуса, дадала яна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю