«Мы, парламентарыі, звяртаемся да міжнароднай супольнасці ў азнаменаванне 80-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гадоў. Гэты юбілей з’яўляецца не толькі падставай для ўрачыстасцяў, але і важным напамінам аб каштоўнасці міру, свабоды і чалавечага жыцця.
Вялікая Айчынная вайна стала адным з самых трагічных і гераічных перыядаў у сусветнай гісторыі. Яна забрала мільёны жыццяў, пакінула глыбокія раны ў сэрцах людзей і змяніла лёсы цэлых народаў. Беларусь — жывы помнік тым страшным падзеям. Наша краіна першай прыняла на сябе разбуральны ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ад рук акупантаў загінуў кожны трэці яе жыхар, тысячы населеных пунктаў былі разбураны і спалены датла. Фашысты праводзілі палітыку генацыду беларускага народа, знішчаючы яго ў шматлікіх лагерах смерці, доследных лабараторыях, газавых камерах, жывымі спальваючы ў дамах. Карнікі не шкадавалі ні дзяцей, ні жанчын, ні старых. Кожны сантыметр беларускай зямлі паліты крывёй яе жыхароў і абаронцаў Айчыны.
Сёння, праз 80 гадоў, свет сутыкаецца з новымі маштабнымі выклікамі і пагрозамі, у тым ліку ў галіне бяспекі. Канфлікты, тэрарызм, эканамічныя крызісы і палітычныя рознагалоссі ствараюць напружанасць у міжнародных адносінах, што можа прывесці да непапраўных наступстваў. Спробы перапісаць гісторыю, абяліць нацызм, гераізаваць фашыстаў і іх памагатых недапушчальныя! Мы, нашчадкі пакалення пераможцаў, абавязаны абараніць гістарычную праўду. Захаванне памяці аб вялікім подзвігу народаў, якія супрацьстаялі фашызму, з’яўляецца залогам непаўтарэння новых маштабных кровапралітных войнаў і канфліктаў
Парламентам усіх дзяржаў неабходна аб’яднаць намаганні ў барацьбе за мір, умацоўваць міжнароднае супрацоўніцтва, падтрымліваць дыялог і добрасуседскія адносіны, знаходзіць кампрамісы нават у самых складаных сітуацыях.
Мір — гэта не проста адсутнасць вайны, а жыццё ў бяспецы і гармоніі. Беларусь, якая адчула жахі вайны, заўсёды выступала і будзе выступаць за палітыка-дыпламатычнае ўрэгуляванне канфліктаў, умацаванне міжнароднай бяспекі і ўзаемапаважлівага дыялогу паміж дзяржавамі. Верым, што толькі сумеснымі намаганнямі можна пераадолець глабальныя выклікі і забяспечыць устойлівае развіццё для ўсіх народаў.
У гэты знамянальны дзень заклікаем успомніць пра тое, што аб’ядноўвае нас, — пра імкненне да міру, справядлівасці і дабрабыту. Няхай святая памяць аб бяспрыкладным подзвігу, мужнасці і гераізме савецкага і іншых народаў, якія змагаліся з фашызмам, натхняе нас на стваральную працу ў імя будучыні, у якой няма месца войнам і пакутам.
Захаваем мір для нашых дзяцей і ўнукаў!»
«Мір павінен быць у кожнай краіне»
Па словах Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, заява Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у сувязі з 80-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гадоў прынята, каб у чарговы раз нагадаць парламентарыям усіх краін аб тым, што важна для нашай краіны, як для любой іншай. «Гэта самае галоўнае — мір і спакой, — падкрэсліла спікер. — Мы ў гэтай заяве гаворым аб тым, што перажыла наша краіна. Гэта боль, пакуты. Гэта захаванне той гістарычнай памяці, якую мы пранеслі праз гэтыя гады, усе 80 гадоў. І я ўпэўнена, мы будзем перадаваць яе з пакалення ў пакаленне».Спікер адзначыла, што ў гісторыі Беларусі засталося яшчэ нямала «белых плямаў». «Генацыд беларускага народа, які проста знішчалі, знішчалі нашу краіну, сціралі з зямлі, — удакладніла Наталля Качанава. — Але беларускі народ выстаяў. Ён зрабіў усё, аб’яднаўшыся з усімі народамі, якія насялялі былы Савецкі Саюз, і зрабілі ўсё для таго, каб абараніць мір і свабоду. Таму мы сёння яшчэ раз звяртаемся да сусветнай супольнасці, да ўсіх людзей добрай волі — мы павінны захаваць мір на планеце. Мір павінен быць у кожнай краіне. Толькі гэта з’яўляецца залогам будучага развіцця любой краіны і ў цэлым захавання жыцця на нашай планеце».
Прыняцце заявы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у сувязі з 80-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гадоў, па меркаванні Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі, з’яўляецца значным крокам, які дэманструе міралюбівую пазіцыю Беларусі, накіраванасць на захаванне гістарычнай праўды. Як канстатаваў спікер, наша краіна знаходзіцца напярэдадні знамянальнай падзеі — 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. «Няма больш трагічнага, але ў той жа час больш вялікага свята ў жыцці нашых краін, — падкрэсліў ён. — Гэта дата — напамін пра бессмяротны подзвіг нашых продкаў, пра кволасць міру, пра тую высокую цану, якую заплаціў савецкі народ за свабоду і незалежнасць, за магчымасць жыць пад мірным небам, гадаваць дзяцей».
Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што Палата прадстаўнікоў, дэпутацкі корпус актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, прымеркаваных гэтай свяшчэннай даты. «Усе прымаюць удзел у мерапрыемствах у рэгіёнах, запушчаны цыкл парламенцкіх чытанняў, — канкрэтызаваў ён. — Літаральна пазаўчора дэпутаты ўнеслі свой уклад у рэалізацыю праекта «Жывая памяць удзячных пакаленняў». Станоўчыя водгукі ідуць і пасля прэзентацыі кнігі «Невядомыя старонкі вайны адкрываюць дэпутаты беларускага Парламента». На наступным тыдні ў Валгаградзе пройдзе міжнародны патрыятычны форум Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня».