Top.Mail.Ru

Мірскі замак рыхтуецца да юбілею

У прадчуванні 500-годдзя

Яшчэ з лістапада мінулага года супрацоўнікі музея «Замкавы комплекс „Мір“ вядуць адлік дзён, якія застаюцца да прыгожай даты. Увесь гэты час, літаральна штомесяц, установа запускае мерапрыемствы і праекты, якія звязаныя з будучым юбілеем.

Вам паштоўка

Так, па заказе музея выпушчаны мастацкія паштоўкі і канверт, прысвечаныя Мірскаму замку. Адправіць у любы пункт свету ліст можна непасрэдна падчас наведвання гістарычнага аб’екта, уключанага ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: тут усталявана паштовая скрыня. У экспазіцыю ўведзены лічбавыя дадаткі для тачскрынаў з рэканструкцыяй Мірскага замка на XVІ—XVІІ стагоддзі. На працягу двух гадоў ішла інтэнсіўная работа над юбілейным выданнем „Мірскі замак. 5 стагоддзяў“, для яго сабраны багаты факталагічны і ілюстрацыйны матэрыялы. Ужо пабачыла свет і дзіцячая кніга „Казкі Мірскага замка“, дзе маленькім чытачам у даступнай форме падаецца гісторыя замка і яго ўладальнікаў. На наступны год падрыхтаваны гастранамічны каляндар „Стравы са смакам гісторыі“, дзе падаюцца рэцэпты кухні былых уладальнікаў замка. 

У ліпені прайшоў мастацкі пленэр, які сабраў беларускіх і расійскіх мастакоў. Іх работы будуць прадстаўлены на часовай экспазіцыі ў музеі ў красавіку, калі будзе святкавацца юбілей. Маштабныя мерапрыемствы пройдуць і ў чэрвені 2027-га — плануецца выступленне клубаў гістарычных рэканструкцый, работа гандлёвых рамесніцкіх радоў, насычаная канцэртная праграма і феерверк.

Адно з найбуйнейшых мерапрыемстваў — канферэнцыя „Абарончае дойлідства Беларусі“: да 500-годдзя Мірскага замка» — праходзіць на гэтым тыдні. У праграме — даклады, якія дазволяць паглядзець, як з розных бакоў можна вывучаць гісторыю Мірскага замка, а таксама іншых архітэктурных аб’ектаў, гаворка будзе весціся ў тым ліку і пра тое, як мяняюцца падыходы да папулярызацыі спадчыны і работы музеяў. Першая пісьмовая згадка пра Мірскі замак знойдзена ў лісце 

8 красавіка 1527 года, калі дзеці магната Юрыя Ільініча дзялілі спадчыну. Рабіліся спробы знайсці больш ранняе згадванне, непасрэдна пра часы будаўніцтва аб’екта. Гэта пытанне будзе ўзнята падчас канферэнцыі. Асобныя даклады будуць прысвечаны гісторыі Карэліцкага рэгіёна. У мерапрыемстве бяруць удзел і расійскія даследчыкі, якія раскажуць пра адшуканыя імі ў архівах дакументы, звязаныя з гісторыяй Мірскага замка.

Ідзе на рэкорд

Як падзяліўся дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Лойка, установа ідзе на рэкорд — сёлета, мяркуецца, 

будзе прынята паўмільёна наведвальнікаў. Калі параўнаць з 1992 годам (тады на турыстаў працавала толькі адна вежа), іх было толькі 30-40 тысяч. Пасля аднаўлення ўсяго замка турыстычны паток стаў расці. У наступным годзе музей плануе сустрэць 4-мільённага наведвальніка. Супрацоўнікі замкавага комплексу ўпэўнены, што тэрыторыі павінны развівацца, каб прымаць усё большую колькасць гасцей. Сёння стаіць задача стварыць такія праграмы і праекты, каб турысты не толькі захацелі сюды вярнуцца, а каб маглі затрымацца на некалькі сутак і ім было чым заняцца. Тут прапануюць разнастайныя праграмы, у тым ліку інтэрактыў, які дазваляе акунуцца ў сярэднявечную гісторыю, квэсты і майстар-класы.

Чатыры чаргі

Але ў музеі бачаць, як сёння важна задзейнічаць і прылеглую тэрыторыю — а гэта 26 гектараў. Вызначаны чатыры чаргі развіцця замкавага комплексу. Першая — звязана з аднаўленнем самога замка. У канцы верасня — пачатку кастрычніка наведвальнікі змогуць ужо пазнаёміцца з аб’ектам другой чаргі — італьянскім садам. Ён аднаўляўся па інвентарных апісаннях XVІІІ—ХІХ стагоддзяў. Праца над гэтым праектам вялася на працягу васьмі гадоў, усе рашэнні ўзгадняліся з вучонымі. З інвентароў вядома, што тэрыторыя італьянскага саду была разбіта на 25 квадратаў. З іх аднаўляецца 18, бо зямля была «перакроена» ў ХІХ—ХХ стагоддзях, калі пракладалася дарога на Стоўбцы. Акрамя таго, важна было захаваць і мясціны, звязаныя з трагічнай гісторыяй пасёлка, дзе ў вайну адбываліся масавыя расстрэлы мясцовых грамадзян. Пры аднаўленні італьянскага саду ўлічвалася былая планіроўка з дакладным геаметрычным малюнкам. Сёння, як і раней, некалькі квадратаў займаюць яблыні, грушы і вішні.

Аднаўленне саду зроблена за пазабюджэтныя сродкі, і кіраўніцтва музея дзякуе турыстам, якія сваім рублём галасуюць за далейшае развіццё комплексу. Трэцяй чаргой тут плануецца зрабіць англійскі парк, чацвёртай — аднавіць палац Святаполк-Мірскіх, які будзе задзейнічаны пад гасцініцу.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю