Не ведаю, як вам, а мне здаецца, што з часам ненарматыўная лексіка можа, крый бог, ператварыцца ў нарматыўную.
Працэс гэты ўжо, здаецца, ідзе і ў рэальным жыцці, і тым больш у сацыяльных сетках, дзе ў асобных роліках нецэнзурных слоў часам больш, чым звычайных (для хайпу, як модна цяпер гаварыць, альбо дзеля лайкаў). Прычым увесь гэты бруд з лёгкасцю злятае з вуснаў мужчын і жанчын, старых і малых.
Пра дзяцей размова асобная: проста вусцішна бачыць, як хто-ніхто з бацькоў пацяшаецца ці нават ганарыцца, калі іх сыночкі ці дочкі паўтараюць брыдкія, непатрэбныя і незразумелыя ім словы.
У сувязі з гэтым мне прыгадалася гісторыя, якую калісьці расказвала мама. Яна і тры яе браты нарадзіліся ў 1930-я гады мінулага стагоддзя, перажылі ўсе жахі вайны. Якія гэта часы, наўрад ці трэба расказваць. Але ж — як ні цяжка тады было — дзеці не чулі ад старэйшых ніякіх мацерных слоў. Ды тут...
Гісторыя бярэ пачатак у ліпені 1944-га, калі савецкія войскі пагналі фашыстаў назад, на захад. У дзень вызвалення вёскі, дзе жыла маміна сям’я (мая, значыць, бабуля з дзецьмі —дзед памёр у 1939 годзе), каля іх дома на аблозе спыніліся нашы салдаты, а дзе яны, там, вядома ж, дзеці, у першую чаргу хлопчыкі, хлапчукі: круцяцца побач, ім усё там цікава. І трэба ж такому здарыцца: адзін салдат спачатку вымавіў нецэнзурнае слова, потым, заўважыўшы побач дзіця, аж схамянуўся.
— Ты прости меня, малый, — сказаў мамінаму брату. — Я не заметил тебя.
Потым, трохі падумаўшы, спытаў:
— А может ты и сам уже умеешь ругаться «по матушке»?
— Не-а, — шчыра прызнаўся хлопчык.
— Это хорошо, — пахваліў вайсковец. — Не умеешь — и не учись. Нельзя ругаться... Просто я очень разозлился, вот и не сдержал себя.
Прыкладна такая адбылася размова.
Пасля яе прайшоў нейкі час, і вось жа здарылася, што з-за нечага вельмі раззлаваўся гэты самы мамін брат. Сказаў ёй:
— Я гэткі злосны, ну гэткі злосны... Буду сварыцца на цябе «по матушке».
— А ты ўмееш? — з недаверам спытала сястра.
— А як жа! — з форсам адказаў той, пачынаючы «касіць» пад дарослага. — Толькі давай схаваемся, каб мама не пачула.
Удваіх яны зайшлі ў клець, зачынілі за сабой дзверы (брат нават праверыў, ці шчыльна), пасля чаго як закрычыць:
— По матушке-е! По матушке-е! По матушке-е!
Карацей, не запомніў ён тое дрэннае слова, якое прамаўляў раззлаваны вайсковец, але злосць сваю выпусціў.
Што выпускаюць сённяшнія аматары мацюкання, шчыра кажучы, не зразумела. Не іначай як уласную дурату.
Ала Альфер
г. Беразіно