Top.Mail.Ru

Місія наглядальнікаў ад СНД прызнала выбары ў Дзярждуму РФ свабоднымі і адкрытымі

Місія наглядальнікаў ад СНД прызнала мінулыя выбары ў Дзярждуму Расіі свабоднымі і адкрытымі. Аб гэтым заявіў на брыфінгу каардынатар місіі, намеснік генеральнага сакратара СНД Ільхом Нематаў, перадае БелТА.


«Місія працавала свабодна і незалежна, кіруючыся заканадаўствам Расійскай Федэрацыі, дакументамі Садружнасці, на прынцыпах адкрытасці, нейтральнасці, неўмяшання ва ўнутраныя справы краіны і захавання выбарчага заканадаўства Расійскай Федэрацыі», — сказаў Ільхом Нематаў.

На думку місіі, галасаванне і падлік галасоў праходзілі спакойна і арганізавана, у поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. «Наглядальнікі ад СНД не зафіксавалі парушэнняў, якія маглі б аказаць уплыў на вынікі галасавання, вынікі выбараў. Місія наглядальнікаў ад Садружнасці прыходзіць да высноў, што выбары дэпутатаў Дзяржаўнай думы 9-га склікання, праведзеныя на высокім арганізацыйным узроўні, у поўнай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам Расійскай Федэрацыі, былі справядлівымі, адкрытымі, транспарэнтнымі, канкурэнтнымі і адпавядалі агульнапрызнаным прынцыпам правядзення дэмакратычных выбараў, забяспечылі рэалізацыю права грамадзян Расійскай Федэрацыі на свабоднае волевыяўленне», — падкрэсліў намеснік генеральнага сакратара СНД.

У склад місіі СНД увайшлі 207 наглядальнікаў — гэта самая буйная місія міжнародных наглядальнікаў на выбарах у Дзярждуму. У час трохдзённага галасавання (18-20 верасня) прадстаўнікі місіі назіралі за галасаваннем і падлікам галасоў на больш як 1,3 тыс. выбарчых участках у 20 рэгіёнах Расіі, а таксама за мяжой.

У склад місіі ўвайшлі прадстаўнікі Міжпарламенцкай асамблеі СНД, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Парламенцкай асамблеі АДКБ, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Выканаўчага камітэта СНД, а таксама дыпламаты і дэпутаты нацыянальных парламентаў.

Каардынатар наглядальнікаў ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па эканамічнай палітыцы Віктар Нікалайкін звярнуў увагу на высокі ўзровень арганізацыі выбарчага працэсу. «Істотныя недахопы і парушэнні, якія маглі б паўплываць на выбарчы працэс, намі зафіксаваны не былі. Ход галасавання адпавядаў усім патрабаванням заканадаўства і агульнапрынятым дэмакратычным нормам», — сказаў ён.

Аналагічныя ацэнкі зрабілі наглядальныя місіі іншых міжнародных структур. У прыватнасці, кіраўнік місіі наглядальнікаў ад Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, намеснік генеральнага сакратара ШАС Пяа Янфань канстатавала, што запрашэнне міжнародных наглядальнікаў расцэньваецца місіяй як імкненне РФ забяспечыць максімальную адкрытасць, празрыстасць і дэмакратычнасць парламенцкіх выбараў, якія адбыліся. «Місія канстатуе, што выбары дэпутатаў Дзярждумы адпавядалі патрабаванням выбарчага заканадаўства Расійскай Федэрацыі і прынятым краінай міжнародным абавязацельствам. Місія сама не зафіксавала парушэнняў норм нацыянальнага заканадаўства, якія маглі б паставіць пад сумненне легітымнасць выбараў або аказаць уплыў на іх вынікі. Місія прызнае мінулыя выбары празрыстымі, дакладнымі і дэмакратычнымі», — сказала Пяа Янфань.

У склад місіі ШАС уваходзіла член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Ала Смаляк. На яе думку, ЦВК Расіі правёў вялікую падрыхтоўчую работу, каб выбары прайшлі ў спакойнай абстаноўцы. «Выбары легітымныя, яны прайшлі на вышэйшым узроўні», — сказала Ала Смаляк.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю