Мітынг-рэквіем сабраў беларусаў розных пакаленняў у мемарыяльным комплексе «Ала» Светлагорскага раёна ў гадавіну трагедыі часоў Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе БелТА.
Нягледзячы на моцныя маразы, беларусы розных пакаленняў прыбылі на месца, дзе 14 студзеня 1944 года акупанты, адыходзячы, спалілі і расстралялі 1758 мірных жыхароў невялікай вёсачкі Ала. Гэты трагічны эпізод Вялікай Айчыннай вайны — у ліку самых зверскіх прыкладаў генацыду беларускага народа.
- Гэта агульны боль для ўсёй краіны, упэўнены старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Шабетнік. Паводле яго, не толькі Светлагорск і ўся Гомельская вобласць памятае пра трагедыю ў Але. «Уся краіна памятае пра жахлівыя дзеянні, якія ўчынілі тыя каты. Гэта рана застаецца на сэрцы кожнага беларуса. Важна памятаць і перадаваць нашу агульную памяць нашчадкам. Гэта не павінна забыцца. Мы не дазваляем забыць сабе і не дазволім забыць пра гэта нашым дзецям — вось галоўная мэта стварэння такіх мемарыялаў і сустрэч у такіх месцах памяці», — падкрэсліў ён.
Архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан заклікаў усіх адчуць трагедыю жыхароў гэтай вёскі ўсім сэрцам, бо гэта адаб’ецца і на павазе і любові да Айчыны. «Памяць аб Але і загінулых тут пакутніках заўсёды павінна заставацца ў нашых сэрцах. Гэта месца (мемарыяльны комплекс на месцы трагічных падзей. — Заўв. БелТА) — пункт прыцягнення для кожнага з нас. Тут быццам застыў у вечнасці стогн і плач тых людзей, якія бязвінна пацярпелі. Усё гэта мы павінны адчуць сэрцам, каб адчуць любоў да сваёй Айчыны. Тады мы па-сапраўднаму будзем стаяць на варце міру на нашай зямлі», — сказаў ён.
Памяць загінулых жыхароў Алы ўшанавалі хвілінай маўчання, на гранітныя пліты ўдзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі і вянкі.
Сёння ў школах у розных кутках краіны праходзяць тэматычныя ўрокі памяці «Ала — сястра Хатыні».