Міждзяржаўную праграму «Турыстычныя сталіцы Садружнасці» плануецца запусціць у СНД. Пра гэта паведаміў у Мінску на адкрыцці IV Беларуска-расійскага турыстычнага кангрэса і міжнароднага турысцкага форуму Travel Hub «Садружнасць» першы намеснік генеральнага сакратара СНД Ігар Петрышэнка, паведамляе БелТА.
«Дадатковы імпульс развіццю галіны могуць надаць новыя ідэі і ініцыятывы. Сёння сумесна з экспертамі краін Садружнасці ў Выканаўчым камітэце падрыхтаваны пакет дакументаў, накіраваны на ўзмацненне турыстычнай інтэграцыі. Гэта перш за ўсё праект заявы кіраўнікоў урадаў краін СНД аб перспектывах далейшага супрацоўніцтва ў гэтай галіне. Мяркуецца таксама ўкараніць у практыку штогадовае абвяшчэнне тэматычнага года ў турыстычнай сферы Садружнасці, што можа стаць адным з інструментаў прыцягнення ўвагі да канкрэтных напрамкаў турызму і турыстычных маршрутаў. Нароўні з культурнай, спартыўнай, маладзёжнай сталіцамі на карце Садружнасці з’явіцца і турыстычная сталіца. Распрацаваны праект палажэння аб такой міждзяржаўнай праграме», — адзначыў Ігар Петрышэнка.
Таксама падрыхтаваны праект дакумента, якім будзе ўрэгуляваны парадак арганізацыі міжнародных турыстычных мерапрыемстваў дзяржаў — удзельніц СНД. Мяркуецца ў тым ліку, што Савет па турызме будзе фарміраваць на рэгулярнай аснове каляндарны план турыстычных падзей міжнароднага ўзроўню ў краінах Садружнасці.
«Мяркуем, што прапановы, якія прагучаць на форуме, таксама змогуць знайсці адлюстраванне ў названых праектах дакументаў. Плануем дапрацаваны пакет дакументаў унесці на разгляд на восеньскім саміце кіраўнікоў урадаў дзяржаў — удзельніц СНД», — адзначыў Ігар Петрышэнка.