Выхадныя ў беларускім Паазер’і
Гэта адно з найстарэйшых і самых маштабных святаў традыцыйнай культуры ў Беларусі, якое адкрывае летні турыстычны сезон на Браслаўшчыне. Першы фестываль «Браслаўскія зарніцы» адбыўся 59 гадоў таму.
Сюда насамрэч хочацца вяртацца, таму што фестываль дазваляе паглыбіцца ў аўтэнтычную атмасферу Паазер’я, дзе пераплятаюцца спадчына продкаў і жывая народная творчасць. І ўсё, што створана сіламі чалавека, спалучаецца з маляўнічым ландшафтам.
Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з традыцыйнай кухняй, паўдзельнічаць у сярэднявечных забавах і паглядзець рэканструкцыю старадаўніх рамёстваў.
Браслаўская зямля — гэта вельмі прыгожыя мясціны, дзе пераплятаюцца гісторыя, культура, дух прыроды. Мерапрыемства аб’ядноўвае на сваіх канцэртных пляцоўках знакамітых дзеячаў культуры і зусім маладых таленавітых выканаўцаў, аматараў і прафесіяналаў. У 2009 годзе свята атрымала міжнародны статус. Сёлета акрамя беларускіх калектываў плануецца ўдзел афіцыйных дэлегацый Кітаю, Расійскай Федэрацыі, Алербайджана і нават групы студэнтаў Шры-Ланкі. Але ўсё ж задумана яно дзеля падтрымкі беларускіх творцаў. У 2026 годзе вызначана тэма свята: «Традыцыйная культура — бязмежнае святло».
Урачыстую атмасферу свята «Браслаўскія зарніцы» падкрэсліць святочнае шэсце. Запланаваны творчыя сустрэчы і лабараторыі, канцэртныя праграмы, прэзентацыі і выстаўкі... Усё з акцэнтам на культурную спадчыну Беларусі — абрады, святы і нашу мілагучную мову, Праграма свята даволі насычаная і разнастайная. Але варта звярнуць увагу на конкурс харавых калектываў «Браслаўская харавая асамблея», якая пройдзе 23 мая, а на наступны дзень — адкрыты конкурс народнага танца «Паазерскія тапаткі». Акрамя таго ў суботу чакаецца канцэрт-прывітанне ад свята сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава». Акрамя таго ваярскі табар, дзе можна азнаёміцца з побытам вайскоўцаў і сярэднявечнымі рамёствамі, пляцоўка лучнікаў, «Горад майстроў» з майстар-класамі, дзіцячая пляцоўка з выступленнем тэатра «Батлейка» і сярэднявечнымі гульнямі, пляцоўка, дзе праходзяць рыцарскія баі і нават гістарычная кухня. Сёлета бяруць удзел клубы гістарычнай рэканструкцыі «Нагльфар», «Хальвіль», «Ростань», «Жалезны жолуд», «Ятвязь» і іншыя. У межах свята адбудуцца выступленне гурта «Сэрцы трох» і шоу-балета «Феерыя».
Наваўвядзенне 2026 года: запланаваны «Дзень Браслаўскіх традыцый», дзе можна адчуць і зразумець адметнасці рэгіёна — ад гастранамічных традыцый да мастацкіх. Калектывы-ўдзельнікі выступаюць не толькі ў райцэнтры, але і ў аграгарадках. Сярод арганізатараў свята — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт.
Ларыса ЦІМОШЫК