Top.Mail.Ru

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Вялікая Перамога ў імя міру і стваральнай працы» адбылася ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Памяць аб Вялікай Перамозе — арыенцір і маральная аснова

У форуме, прымеркаваным да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, узялі ўдзел прадстаўнікі не толькі айчыннай навуковай і экспертнай супольнасці, але і вучоныя-гісторыкі з Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Узбекістана. Да размовы аб захаванні гістарычнай праўды і памяці далучыліся музейшчыкі, архівісты, бібліятэкары, настаўнікі. Важна, што неаспрэчныя факты аб Вялікай Айчыннай вайне з першых вуснаў маглі пачуць школьнікі.

Падчас канферэнцыі былі зачытаныя прывітальныя адрасы яе ўдзельнікам ад Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандра ТУРЧЫНА і кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА адзначыў, што форум з’яўляецца данінай памяці стойкасці, мужнасці і самаахвярнасці савецкіх людзей, якія вынеслі на сваіх плячах усе нягоды Вялікай Айчыннай вайны і здабылі 80 гадоў таму Вялікую Перамогу. 

Па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, для беларусаў памяць аб гэтым свяшчэнным подзвігу — у генах. «Гэта частка нашай нацыянальнай ідэі, часцінка сямейнай біяграфіі кожнага з нашчадкаў тых трох мільёнаў беларусаў, якія загінулі на франтах або былі па-зверску закатаваны, спалены жыўцом нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, — удакладніў ён. — Праходзяць гады, дзесяцігоддзі, прыходзяць новыя пакаленні. І камусьці на Захадзе, перш за ўсё тым, хто апанаваны рэваншысцкімі настроямі, хацелася б, каб мы забыліся пра Перамогу, пра тыя злачынствы, якія рабіліся на нашай зямлі, пра тую пагрозу, якую нясе свету ідэалогія нацызму. Не дапусціць гэтага — наш з вамі прамы абавязак!»

Ігар Сергяенка акцэнтаваў увагу на тым, што беларусы зробяць усё для таго, каб памяць аб Вялікай Перамозе, праўда аб генацыдзе беларускага народа заставаліся часткай генетычнага коду нацыі, народнага адзінства і згуртаванасці. «Сёння супраць нас разгорнута шырокая інфармацыйная вайна, перш за ўсё за розумы моладзі, як папярэдняя фаза вайны гарачай, — канстатаваў спікер. — Перад гісторыкамі, грамадазнаўцамі, журналістамі, сродкамі масавай інфармацыі стаяць задачы актыўнага супрацьдзеяння спробам фальсіфікацыі гістарычнага мінулага, данясення да кожнага жыхара тых сэнсаў і каштоўнасцяў, за якія змагаліся нашы бацькі і дзяды ў Другой сусветнай вайне»

Старшыня Палаты прадстаўнікоў агучыў кірункі дзейнасці, якія дазволяць выканаць гэту работу максімальна эфектыўна і адрасна. «Па-першае, беларускімі гісторыкамі вядзецца вялікая работа па даследаванні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, — канкрэтызаваў Ігар Сергяенка. — Але важна зрабіць так (і гэта работа ўжо вядзецца), каб вынікі даследаванняў не абмяжоўваліся акадэмічнай супольнасцю, а ішлі ў народ, праламляліся скрозь прызму асабістых гісторый канкрэтных сем’яў герояў і станавіліся прадметам гонару жыхароў канкрэтных раёнаў, населеных пунктаў і краіны ў цэлым».

Па-другое, як перакананы спікер, маладое пакаленне павінна ведаць суровую рэальнасць, у якой жылі іх родныя і блізкія ў гады акупацыі, а таксама канчатковыя мэты гітлераўцаў: фізічнае знішчэнне «непаўнавартаснай славянскай расы».

Па-трэцяе, Ігар Сергяенка адзначыў, што Вялікая Айчынная вайна дала нам найважнейшы ўрок: толькі разам, плячо ў плячо, цяжка і ўпарта працуючы, можна пераадолець беды. «У сённяшнім нестабільным свеце памяць аб Вялікай Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне служыць для краін, якія прытрымліваюцца канструктыўнага міралюбівага парадку дня, своеасаблівым арыенцірам і маральнай асновай стварэння новага светаўладкавання, заснаванага на прынцыпах роўнасці, даверу і ўзаемнай павагі, — падкрэсліў ён.

Як адзначыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін, мільёны людзей, абараняючы Радзіму, праявілі найвышэйшую любоў да свайго народа, сваёй зямлі. «Вера ў Бога, надзея на лепшую будучыню, любоў да бліжніх сталі той духоўнай сілай, якая дапамагала пераадольваць самыя суровыя выпрабаванні, — звярнуў увагу Уладыка. — Ужо цяпер, праз дзесяцігоддзі, вучоныя здзіўляюцца, як у такіх неверагодных умовах можна было выжыць. Пры гэтым застацца чалавекам: не азлобіцца, захаваць высакароднасць, узвышанасць і маральную перавагу над тымі, хто прыйшоў захопнікамі на нашу зямлю».

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі падкрэсліў, што сёння нашчадкі пераможцаў закліканы не толькі захоўваць памяць аб тых гераічных гадах, а і асэнсоўваць урокі таго перыяду, каб супрацьстаяць любым спробам скажэння гістарычнай праўды і раз’яднання народаў.

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю