21 лютага мы будзем адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята, заснаванае рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА чвэрць стагоддзя таму.
У Беларусі мерапрыемства адзначаецца маштабна. Роднай мове прысвечаны цэлы тыдзень. З 13 па 21 лютага вучоныя Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры праводзяць сустрэчы не толькі на базе Акадэміі навук, але і ў бібліятэках, навучальных установах.
Падчас тыдня роднай мовы пройдуць прэзентацыі кніг, якіх знаёмяць з моўнымі здабыткамі нашага народа. Так, 17 лютага ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца сустрэча з дырэктарам Інстытута мовазнаўства Ігарам Капыловым — аўтарам кнігі «Беларуская мова ад А да Я». 18 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі пройдзе прэзентацыя «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак:» , дзе расказваецца пра даследаванні вучоных у галіне дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, якія на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у экспедыцыях вывучалі жывую народную мову. 20 лютага можна будзе пазнаёміцца з першымі альбомамі навукова-папулярнай серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі». Ідэя яе стварэння належыць Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміру Гусакову. У кожным з альбомаў сабраныя народныя творы пэўнага фальклорнага жанру. У першыя трох, якія ўжо пабачылі свет, пададзены легенды, прыказкі і прымаўкі, замовы. Прэзентацыя пройдзе ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
У рамках тыдня роднай мовы Інстытут літаратуразнаўства правядзе Міжнародную навуковую канферэнцыю «Нацыянальныя літаратуры ў эпоху глабалізацыі: тэорыя, практыка адаптацыйных працэсаў, вынікі». Сярод пытанняў, якія на ёй абмяркуюць — «Творчая спадчына народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі», «Народны подзвіг і народная трагедыя: падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў літаратурна-мастацкім асэнсаванні». 18 лютага Цэнтру даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры будуць публічна перададзены ўнікальныя матэрыялы з архіва Аляксандра Адамовіча: арабаграфічныя дакументы на славянскіх мовах, якія раней не фіксаваліся даследчыкамі рукапіснай спадчыны татараў.
21 лютага ў Цэнтры даследавання беларускай культуры мовы і літаратуры пройдзе круглы стол «Славістыка. Анамастыка. Этналінгвістыка», які сабярэ маладых вучоных Інстытута мовазнаўства і філфака БДУ.
На працягу тыдня акадэмічныя вучоныя будуць сустракацца з настаўнікамі, школьнікамі, студэнтамі, пісьменнікамі. А 21 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі пройдзе рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове.