Top.Mail.Ru

Міжнародны праваслаўны фестываль «Радасць» упершыню прымае Гомель

Царкоўныя спевы, тэатралізаваныя імпрэзы, выставы і майстар-класы... На працягу дзесяці дзён працы фестывальнай праграмы гамяльчане і госці горада могуць наведаць вялікую адкрытую пляцоўку.

Яркае маштабнае мерапрыемства арганізавана сёстрамі Мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра. У Гомелі фестываль праходзіць упершыню па благаславенні архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана, пры падтрымцы адміністрацыі горада і вобласці. 

— У Беларусі вельмі шмат што яднае духоўныя і культурныя складнікі. Сам Кіраўнік нашай дзяржавы падтрымлівае гэтае ўзаемадзеянне. Бо культура як і вера выхоўвае чалавечую душуы, — з прывітальным словам да ўдзельнікаў фестывалю звярнулася намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Анастасія Лысенка. Яна адзначыла сімвалічнасць правядзення ўпершыню ў Гомеля міжнароднага праваслаўнага фестывалю ў знакавым для рэгіёна культурным цэнтры — «храме» мастацтва і культуры — Гомельскай абласной філармніі.

Фестываль да гэтага ўжо прымалі Мінск, Брэст, Гродна, Віцебск і Полацк. Склаліся ўжо і свае фестывальныя традыцыі «Радасці». Сёстры Мінскага Свята — Елісавецінскага манастыра ўпэўненыя, што маштабнае мрапрыемства — гэта не толькі культурная падзея, але і сапраўднае духоўнае свята, якое запрашае пакінуць у баку штодзенную мітусню і знайсці час для самага важнага. 

— Мы чакаем сем’і, бо «Радасць» — прастора, дзе кожны знойдзе нешта блізкае для сябе, — адзначыла куратар фестывалю Ганна Вярбіцкая.

Так, шмат мерапрыемстваў падрыхтавана для дзяцей: спектаклі лялечнага тэатра «Батлейка», віктарыны і майстар-класы. Дарослых чакаюць творчыя сустрэчы, размовы пра сям’ю, веру, унутраную гармонію. На фестывалі прадстаўлены экспазіцыі па гісторыю кнігадрукавання на Русі, аб хрысціянскім подзвігу прападобнай Еўфрасіні Полацкай. Адкрыта таксама фотавыстава «Дзеці Данбаса», прадстаўленая Пасольствам Расійскай Федэрацыі ў Беларусі. 

— Нам вельмі прыемна, што на выставе ў тым ліку прадстаўлены экспазіцыі, прывезеныя з Расіі. Мы вядома ж заўсёды падтрымліваем такія добрыя ініцыятывы, — на адкрыцці фестывалю асабліва падкрэсліў кіраўнік Рускага дома ў Гомелі Аляксандр Маржухін.

Адна з самых яскравых пляцовак — вялікі дабрачынны кірмаш. Тут можна знайсці вырабы манастырскіх майстэрняў: ад абразоў і керамікі, кніг і сувенірнай прадукцыі да натуральных прадуктаў для здароўя. Усе сабраныя на дабрачынным кірмашы сродкі будуць накіраваны на аднаўленне храмаў і дапамогу ў рэалізацыі сацыяльных праектаў. 

Між тым сваю прадукцыю на кірмашы прадстаўляюць не толькі госці з Мінска, але і самых розных куткоў Расіі. Уражэнка самага высакагорнага на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі Аланскага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра ў Паўночнай Асеціі — Маргарыта Багаева распавяла, як рада, што дзякуючы выставе яшчэ больш беларусаў даведаецца пра культуру яе роднага горнага краю. 

— Мы ўпершыню ў Гомелі. Прывезлі наша чорную аланскую кераміку, якая вырабляецца па дакладных копіях старажытнага скіфа-сармацкага посуду. Прывезлі і нашы травы, гарбату, — распавяла ўдзельніца фестывалю.

Выстава-магчымасць не толькі нешта набыць, але і знайсці верных сяброў, упэўненая Маргарыта. 

— Мы вельмі любім Беларусь. Калі прыязджаем на выставы, знаёмімся, абменьваемся кантактамі і беларусы прыязджаюць потым да нас у госці. Гэта выдатна!

Эльвіра Сталярова і яе каманда фермерскай гаспадаркі прывезлі на выставу ў Гомель прадукцыю з Заходняй Сібіры і Алтая. Пацешаць дзікаросамі: ягадамі, грыбамі, травамі. 

Сястра міласэрнасці Мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра Людміла Пась падзялілася, што ва ўдзельнікаў «Радасці» і свая асаблівая радасць ад таго, як цяпло іх сустрэлі гамяльчане. 

— Мы прывезлі асаблівыя падарункі для гомельскіх жанчын, — адзначыла госця з Мінска. Гэта сукенкі і самыя разнастайныя касцюмы, пашытыя і звязаныя сёстрамі ў майстэрнях Мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра.

— Жадаем, каб Гасподзь трымаў сваю далонь над вашым горадам, над яго жыхарамі. Мір, лад і склад гамяльчанам і ўсім нам, беларусам, — перадала пажаданне сястра міласэрнасці.

Дарэчы, мэту фестывалю — данесці «радасць» да кожнага — дапаможа ўвасобіць у жыццё пашыраная праграма мерапрыемства. Пройдуць творчыя сустрэчы ў ГДУ імя Францыска Скарыны, у гарадскім сацыяльным цэнтры, навучальных установах Гомеля і Гомельскім сацыяльным пансіянаце «Васільеўскі». 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю