Міжнародныя Карскія чытанні «Славянскі свет і нацыянальная маўленчая культура ў сучаснай камунікацыі» сабралі ў Гродне вучоных з 12 краін на пляцоўцы ГрДУ імя Я.Купалы, паведаміла БелТА.
Маштабны навуковы форум у 2026 годзе аб’яднаў у вочным і дыстанцыйным фарматах больш за 300 вучоных — лінгвістаў, гісторыкаў, сацыёлагаў, культуролагаў, этнографаў. Гэта прадстаўнікі 12 краін: Беларусі, Расіі, Кітая, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана, Балгарыі, Славакіі, Арменіі, Ірана, Ізраіля.
XVIII Міжнародныя Карскія чытанні праходзяць пад знакам 165-годдзя з дня нараджэння Яўхіма Карскага, вядомага філолага-славіста, этнографа.
«У першых чытаннях у 1991 годзе ўдзельнічалі толькі 20 вучоных. Цяпер зборнік Карскіх чытанняў выходзіць у двух тамах. Напэўна, Карскі невычэрпны, настолькі гэта чалавек, апантаны адной ідэяй, — вывучыць беларускую мову ў супастаўленні з іншымі мовамі, каб даказаць, якая гэта вялізная, моцная, магутная і самастойная сістэма», — расказала доктар філалагічных навук, прафесар, старшыня арганізацыйнага камітэта форуму Марыя Канюшкевіч.
«У гэтым годзе ўдзельнічаюць больш за 300 чалавек. Тэматыка канферэнцыі з году ў год пашыраецца, таму што мяняецца сама лінгвістыка. Сёння лінгвістыка становіцца вельмі практыка-арыентаванай, таму ў нас вялікая палітра напрамкаў: ад кагнітыўнай лінгвістыкі да медыялінгвістыкі, якая вучыць пісаць тэксты, што ўздзейнічаюць на аўдыторыю», — дадала кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры журналістыкі ГрДУ Тамара Піваварчык.
Як адзначыла Святлана Старадубец, доктар філалагічных навук, прафесар Бранскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя акадэміка Пятроўскага (Расія), у фокусе ўвагі вучоных ВНУ — расійска-беларускае пагранічча. «Тэрыторыі, якія адносяцца да Браншчыны, былі таксама ў фокусе ўвагі Яўхіма Карскага, калі ён працаваў над сваім трохтомнікам «Беларусы», — расказала яна.
У першы дзень — 14 мая — вучоныя сабраліся на пленарным пасяджэнні, у канцы дня ўдзельнікаў навуковага форуму прайшла экскурсія «Гістарычная памяць — сувязь часоў і пакаленняў», падрыхтаваная факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму.
Другі дзень канферэнцыі — 15 мая — прадоўжыцца на пляцоўках 13 секцый. Удзельнікі абмяркуюць актуальныя праблемы славістыкі, сучаснага стану і гістарычнай дынамікі славянскіх і іншых моў, функцыянавання мовы ў медыяпрасторы.
Яўхім Карскі — ураджэнец Гродзеншчыны, яго малая радзіма — вёска Лаша за 30 км ад Гродна. Я.Ф.Карскі вядомы сусветнай супольнасці як першы беларускі акадэмік (спачатку — Расійскай акадэміі навук, затым — Акадэміі навук СССР), аўтар вядомай шматтомнай працы «Беларусы».
Першыя чытанні «Са спадчыны акадэміка Я.Карскага», прысвечаныя 130-годдзю вучонага, адбыліся ва ўніверсітэце 35 гадоў таму.