Top.Mail.Ru

Міжнародныя назіральнікі пазнаёміліся з работай выбарчых камісій Міншчыны

Беларусь стаіць на парозе самай важнай грамадска-палітычнай падзеі — выбараў Прэзідэнта краіны. Лічаныя дні застаюцца да пачатку датэрміновага галасавання. Таму ў нашу краіну ўжо сёння прыязджаюць міжнародныя назіральнікі. Іх галоўная задача — прасачыць за тым, каб выбары прайшлі сумленна, без парушэнняў, з захаваннем усіх нормаў. У чацвер, 16 студзеня, яны наведалі Мінскую вобласць.


Міжнародныя назіральнікі будуць удзельнічаць у маніторынгу як датэрміновага, так і асноўнага дня галасавання. Сярод тых, хто будзе назіраць за падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў, — намеснік дырэктара Дэпартамента Выканаўчага камітэта СНД Ісламджан Карымаў і саветнік Выканкама СНД Ірына Цалікавец. У чацвер яны сустрэліся з членамі Мінскай абласной камісіі па выбарах.

Выбарчая кампанія — гэта, перш за ўсё, экзамен для выканаўчай улады, грамадзянскіх інстытутаў і ўсіх людзей, якія неабыякавыя да будучыні сваёй краіны. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Ільясевіч: «Нам прыемна тое, што прадстаўнікі Місіі назіральнікаў ад СНД знаёмяцца з нашым рэгіёнам. У вас шырокая праграма: сёння вы наведаеце Слуцк — адзін з найстарэйшых гарадоў вобласці і краіны». 

Згодна з планам ЦВК, цалкам сфарміраваныя ўчастковыя камісіі, якія з 10 студзеня прыступілі непасрэдна да работы. «На наш погляд, электаральная кампанія праходзіць досыць роўна. Тыя пытанні, якія выбаршчыкі адрасуюць мясцовым органам улады, з’яўляюцца традыцыйнымі. У асноўным звароты датычацца тлумачэння парадку правядзення галасавання, якім чынам замацавацца за тым участкам, які бліжэй знаходзіцца адносна месца рэгістрацыі выбаршчыка, як можна прыйсці і прагаласаваць. Грамадзяне таксама ўдакладняюць графік работы камісій у перыяд датэрміновага галасавання», — дадаў Аляксандр Ільясевіч. 

У сваю чаргу, старшыня Мінскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Валянціна Асадчык адзначыла, што ў нашай краіне праводзяцца трэнінгі з участковымі камісіямі з мэтай павышэння іх прафесійнага ўзроўню: «На гэтых трэнінгах вывучаецца працэс заканадаўства па дадзенай выбарчай кампаніі, мадэлююцца ўмовы работы ўчастка ў перыяд датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў. Трэнінгі праходзяць прадуктыўна, і сёння (16.01.2025 — „Зв“.) адбудзецца апошні трэнінг у Мінскай вобласці. Усе члены ўчастковых камісій — вопытныя прафесіяналы. Яны аператыўна адказваюць на ўсе пастаўленыя пытанні».

«Па афіцыйным запрашэнні беларускага боку мы прыступілі да маніторынгу падрыхтоўкі і правядзення Прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, — адзначыў намеснік дырэктара Дэпартамента Выканаўчага камітэта СНД Ісламджан Карымаў. — Работа пачалася з 18 снежня, створаны штаб, які размешчаны ў будынку Выканкама СНД. Ён каардынуе дзейнасць усіх міжнародных назіральнікаў ад СНД. Кіраўніком Місіі назіральнікаў зацверджаны генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў».

Ён дадаў, што сёння акрэдытавана больш за 300 міжнародных назіральнікаў ад краін СНД, у тым ліку 40 доўгатэрміновых з ліку Выканкама СНД і прадстаўнікоў дыпламатычных устаноў у рамках СНД у Мінску. «Усе яны вопытныя людзі, многія з іх неаднаразова ўдзельнічалі ў выбарчых працэсах у якасці міжнародных назіральнікаў, — адзначыў Ісламджан Карымаў. — Мы ўжо назіралі за працэсам фармавання ўчастковых камісій і працягваем ажыццяўляць маніторынг ужо на цяперашніх этапах выбарчага працэсу».

Паводле яго слоў, галоўны крытэрый работы міжнародных назіральнікаў — аб’ектыўнасць: «Мы зыходзім са сваіх назіранняў непасрэдна на месцах. Уся інфармацыя абагульняецца, перадаецца ў штаб, дзе і апрацоўваецца. Усе высновы будуць агучаныя ў працэсе прэс-канферэнцыі ўжо пасля выбараў. Я хачу падкрэсліць, што мы не ўмешваемся ва ўнутраныя справы, у выбарчы працэс, не палітызуем сітуацыю, захоўваем палітычную нейтральнасць».

Пасля сустрэчы Ісламджан Карымаў расказаў журналістам пра дзейнасць штаба, якт каардынуе дзейнасць міжнародных назіральнікаў: «Мы ўжо ўдзельнічалі ў працэсе фарміравання ўчастковых камісій і працягваем ажыццяўляць маніторынг ужо цяперашніх этапаў выбарчага працэсу. Гэта агітацыйная кампанія. Мы адсочваем стварэнне ўчастковых камісій, умоў у іх, праводзім сустрэчы з прадстаўнікамі ўчастковых камісій. Толькі што адбылася сустрэча кіраўніцтвам Мінскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта. Нам расказалі пра сваю дзейнасць, мы задавалі свае пытанні і атрымалі падрабязныя адказы. Ход маніторынгу працягваецца». 

У сваю чаргу, старшыня Мінскай абласной камісіі па выбарах Валянціна Асадчык адзначыла, што ў Мінскай вобласці выбарчая кампанія праходзіць у адпаведнасці з заканадаўствам: «Усяго ў Мінскай вобласці ўтворана 894 участкі і, адпаведна, сфарміравана столькі ж участковых камісій. Сёння камісіі праводзяць работу са спісамі выбаршчыкаў. Члены ўчастковых камісій адзначаюць тое, што вельмі вялікай папулярнасцю па пошуку ўчастка для галасавання карыстаецца анлайн-сэрвіс, які размешчаны на сайце ЦВК. Грамадзяне адзначаюць, можна хутка і зручна знайсці свой участак для галасавання, а таксама тэлефоны і адрасы ўчастковых камісій». 

Валянціна Асадчык падкрэсліла, што скаргаў на парушэнне заканадаўства кандыдатамі і іх даверанымі асобамі ў тэрытарыяльныя і ўчастковыя камісіі не паступала: «У склад участковых камісій увайшло больш за 3,5 тысячы чалавек. У асноўным — гэта прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Калі казаць пра колькасць выбаршчыкаў Мінскай вобласці, то на сёння гэта больш за адзін мільён чалавек. Тэрытарыяльнымі і ўчастковымі камісіямі акрэдытавана больш за 8 тысяч назіральнікаў. 

Падводзячы вынікі, спікер акцэнтавала, што сустрэча з міжнароднымі назіральнікамі прайшла прадуктыўна. «Такія сустрэчы трэба праводзіць. Гэта і абмен вопытам, і ацэнка паміж назіральнікамі. Выбары Прэзідэнта — гэта заўсёды свята, і на ўчастках будуць створаны ўсе ўмовы для таго, каб выбаршчык не толькі прыйшоў, каб аддаць свой грамадзянскі абавязак, але і ў той жа час змог атрымаць станоўчыя эмоцыі. Прыемна радуе, што сёлета больш за 10 тысяч жыхароў Мінскай вобласці прагаласуюць упершыню», — падагульніла Валянціна Асадчык. 

Пасля сустрэчы з кіраўніцтвам выбарчай камісіі Мінскай вобласці міжнародныя назіпальнікі наведалі Слуцкі і Стаўбцоўскі раён, каб пераканацца, што вобласць па праве носіць статус цэнтральнага рэгіёна.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю