У Ратамцы стартаваў турнір па трохбор’і пад эгідай Міжнароднай федэрацыі коннага спорту (FEI), паведаміла БелТА.
Удзельнікі турніру разыграюць медалі ў праграмах складанасцю «тры зоркі» ў кароткім фармаце (CCI3* S) і «дзве зоркі» ў доўгім фармаце (CCI2* L). 18 і 19 чэрвеня адбудуцца спаборніцтвы па манежнай яздзе, у суботу вершнікаў і коней чакаюць палявыя выпрабаванні (крос па перасечанай мясцовасці), прызёры вызначацца 21 чэрвеня па выніках пераадолення перашкод (канкура).
У склад судзейскай калегіі ўвайшлі спецыялісты з Беларусі і Індыі, удзел у падрыхтоўцы стартаў таксама прымаюць прадстаўнікі Іспаніі і Балгарыі. У рамках міжнароднага турніру пройдуць адкрыты Кубак краіны памяці Героя Савецкага Саюза Льва Даватара і адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па трохбор’і.
Парад адкрыцця з удзелам ганаровых гасцей запланаваны на 19 чэрвеня. У фінальны дзень турніру, 21 чэрвеня, для гледачоў будуць арганізаваны забаўляльная праграма і аўтограф-сесія са спартсменамі, таксама будуць працаваць фуд-корт і інтэрактыўныя зоны для сямейнага адпачынку. Уваход на трыбуны РЦАП коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы свабодны.